Якапа Лігоцы. Хімера.

Якапа Лігоцы. Хімера.

Нечакана са здзіўленнем даведаўся, што некаторыя людзі наіўна вераць, нібыта ў нас пры падрыхтоўцы навуковых публікацый да друку адпаведныя спецыялізаваныя выданні заўсёды праводзяць рэальнае, а не фармальнае рэцэнзаванне артыкулаў. І нібыта толькі пасля праходжання гэтага свяшчэннадзейства твая публікацыя можа лічыцца навуковай, а калі не — то гэта так, нічога не вартая пісаніна, якой месца на сметніку.

Пасміхнуўся і прыгадаў свае аспіранцкія гады, калі рыхтаваў дысертацыю і мусіў публікавацца ў выданнях са спісу, зацверджанага Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Беларусі. Рэцэнзіі на мае «фундаментальныя» працы сапраўды прыкладаліся да артыкулаў, але справа ў тым, што пісаў іх, як правіла, я сам, а людзі са ступенямі, якія выступалі рэцэнзентамі, толькі падмахвалі мною напісанае, часта нават не чытаючы тэксту не тое што артыкула, але нават і «рэцэнзіі». І так было не толькі са мной, гэта не «асобны недахоп» — такая была (ды, думаю, ёсць і цяпер, бо з чаго б ёй мяняцца) гадамі накатаная сістэма.

Ды што там артыкулы — дысертацыі таксама ж па той самай схеме абараняюцца (прынамсі па гуманітарных навуках). Калі пачытаць усе правілы і інструкцыі, зацверджаныя ВАКам, то праслязіцца можна ад гонару за айчынную сістэму абароны ад выпадковых людзей у навуцы. І там экспертыза прадугледжана, і там разгляд нейкім навуковым арэапагам, не кажучы ўжо пра саму абарону. І ўсё гэта дакументуецца ў тым ліку пісьмовымі рэцэнзіямі ды водгукамі на тваю працу, якія акуратна падшываюцца ў папачку. Фармальнасці, такім чынам, цалкам вытрыманыя. А тое, што рэальны, а не намінальны аўтар (ці прынамсі суаўтар) як мінімум паловы (а можа быць нават і ўсёй) гэтай панегірычнай дакументацыі — сам суіскальнік, то гэта застаецца за фасадам, пра гэта ўсе ведаюць, але ўголас, натуральна, не кажуць.

І смешных выпадкаў, з гэтым усім звязаных, прыгадваецца процьма. Сабраў бы разам — можна было б зборнік анекдотаў выпусціць. Вось адзін, напрыклад. Адзін са знаёмых навукоўцаў, да якога я звярнуўся з просьбай напісаць водгук на мой аўтарэферат, прагназавана спаслаўся на звышзанятасць і прапанаваў напісаць тэкст мне самому, а ён падпіша. Так і зрабілі, прытым ён нават аўтарэферата не ўзяў (дакладней, я не прапаноўваў, бо яны звычайна ў дэфіцыце). А праз нейкі час я гэтага навукоўца сустрэў, калі ён з нейкім іншым аспірантам размаўляў. Відаць, гаворка ішла пра дысертацыю апошняга, бо «рэцэнзент», пабачыўшы мяне, вырашыў паставіць у прыклад: вось, маўляў, у гэтага хлопца была добрая дысертацыя, я аўтарэферат прачытаў і быў у захапленні. Пытаюся: «А дзе ж Вы мой аўтарэферат узялі, калі я не даваў яго Вам?» Ну то ён ніяк не збянтэжыўся, адразу ж выгукнуў жыццярадасна: «А… Ну, то тады, можа, я і не твой чытаў!».

Таму і дзівіцца няма чаго, што рэгулярна ў нас выходзіць пад грыфамі найнавуковейшых арганізацый, пад рэдакцыяй і з рэцэнзіямі найаўтарытэтнейшых асоб чорт яго ведае што. Пры гэткай то сістэме ці ж можа быць іначай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0