У Гомелі завершана расследаванне крымінальнай справы аб незаконных угодах з нерухомасцю, паведамляе афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Па версіі следства, жыхар Гомеля 1973 года нараджэння распрацаваў механізм здзяйснення крадзяжоў маёмасці і грошай пад выглядам здзелак паміж грамадзянамі і ўзначаліў арганізаваную групу.

У перыяд з 2010 па 2015 гады злачынцы знаходзілі кватэры, дзе іх ўласнікі (наймальнікі) памерлі і не маюць спадчыннікаў альбо доўга не жылі ў іх, а таксама асоб з ліку непрацуючых, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і маюць запазычанасці па аплаце камунальных паслуг. Злачынцы падманам альбо на розных падставах схілялі ўладальнікаў прадаць сваё жыллё, абяцалі набыць жыллё меншай плошчы на выгадных умовах, але загадзя не мелі намеру выконваць узятыя на сябе забавязанні.

Злачынцы падраблялі натарыяльныя дакументы. Да прыкладу, у 2012 годзе абвінавачаныя завалодалі кватэрай памерлага гамельчука, якая павінна была перайсці ва ўласнасць дзяржавы, дый прадалі яе.

Усяго выявілі не менш за 16 незаконных здзелак з нерухомасцю — у Гомелі, Гомельскім, Веткаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. Агульная шкода, нанесеная злачынствамі, склала 400 тысяч рублёў. На момант заканчэння следства шкоду пакрылі практычна цалкам.

У бліжэйшы час перад судом паўстануць арганізатар групы і два яго хаўруснікі — мужчына 1978 года нараджэння і жанчына 1971 года нараджэння. Яшчэ адна ўдзельніца групы памерла раней і яшчэ аднаго абвінавачанага цяпер вышукваюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0