У Беларусі плануюць больш шырока прымяняць умоўна-датэрміновае вызваленне для асуджаных за наркотыкі. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «СБ. Беларусь сегодня» расказаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

Па словах Валянціна Сукалы, пытанне пра тое, які плён дало ўзмацненне жорсткасці адказнасці ў плане барацьбы з наркаманіяй, нядаўна абмяркоўваўся на Прэзідыуме Савета міністраў. Гаворка ішла пра тое, што цяпер з'явіліся падставы не для заканадаўчага змякчэння адказнасці за гэты від злачынстваў, а для пошуку новых падыходаў.

«Напэўна ёсць патрэба ў скарачэнні колькасці асоб, якія прыцягваюцца па ч.1 арт.328, г.зн. спажыўцоў. Усё ж такі 2 тыс. за год — гэта вельмі вялікая лічба, і яна можа быць скарочана шляхам прымянення іншых мер уздзеяння, напрыклад, звязаных з прымусовым лячэннем. Гэта рашэнне было пазначана ў пастанове Прэзідыума Саўміна. Іншая мера, якую Вярхоўны суд таксама падтрымлівае, — больш шырокае прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены пакарання на больш мяккае для тых, хто асуджаны па арт. 328 і сапраўды стаў на шлях выпраўлення», — адзначыў старшыня Вярхоўнага суда.

Ён звярнуў увагу, што ў мінулым годзе больш за 500 чалавек ужо былі ўмоўна-датэрмінова вызваленыя ад пакарання за гэты від злачынстваў. На думку старшыні ВС, варта больш аб'ектыўна падыходзіць да асуджэння нават распаўсюджвальнікаў наркотыкаў — у тых выпадках, калі гэта распаўсюд носіць характар сумеснага ўжывання.

«Калі адзін наркаман прыкурвае іншаму цыгарэту з якім-небудзь «зеллем», то фармальна гэта таксама распаўсюд, але ў дадзеным выпадку, па-мойму, можна знаходзіць магчымасць для выхаду за межы самых суровых санкцый. У рамках, падкрэслю, дзеючага заканадаўства, без якой-небудзь яго карэкціроўкі. Такі падыход не будзе насіць масавага характару, ён закране ў асноўным непаўналетніх, але ў цэлым стане адпавядаць агульнай пазітыўнай тэндэнцыі ў справе барацьбы з гэтым злом», — мяркуе Валянцін Сукала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0