1. Залатыя пласцінкі

У 1977 годзе былі запушчаныя два знакамітыя зонды — Ваяджэр-1 і Ваяджэр-2. Абодва апараты ляцелі да самых далёкіх планет Сонечнай сістэмы і неслі на сваім борце футляры з пазалочанымі пласцінкамі і інструментамі для іх прайгравання. На пласцінках, прызначаных для пазаземных цывілізацый, запісаныя прывітанні на 55 зямных мовах, музыка розных народаў, галасы людзей і гукі прыроды, а таксама 116 фатаграфій і малюнкаў. Праз 10-20 гадоў Ваяджэр-2 выйдзе за межы Сонечнай сістэмы і апынецца ў міжзоркавай прасторы. Пасля гэтага зонд назаўжды страціць сувязь з Зямлёй, бо магутнасці перадатчыка не хопіць для прыёму сігналу на Зямлі.

2. Хлеб і віно для прычасця

Падчас месяцовай місіі «Апалон-11» у 1969 годзе, неўзабаве пасля атрымання дазволу на датэрміновы выхад на паверхню Месяца, амерыканскі касманаўт Эдвін Олдрын вымавіў:

«Кажа пілот месяцовага модуля. Я б хацеў скарыстацца гэтай магчымасцю і папрасіць кожнага чалавека, які слухае мяне, кім бы ён ні быў і дзе б ні знаходзіўся, на хвіліну адцягнуць увагу, паразважаць над падзеямі апошніх некалькіх гадзін і па-свойму ўшанаваць падзяку».

Далей Олдрын, як старэйшына прэсвітэрыянскай царквы, правёў кароткую прыватную царкоўную службу, здзейсніўшы еўхарыстыю. Другі касманаўт, Армстранг, які быў атэістам, удзелу ў цырымоніі не прыняў і прычашчацца не стаў. Олдрын меў з сабой маленькую пластыкавую скрыню з мініятурным пацірам (келіхам), хлебам ды капсулай з віном, якія ён узяў загадзя ва Уэбстэрскай царкве ў Х'юстане. Пазней Олдрын успамінаў:

«Я прыняў святыя дары і прынёс падзяку розуму і духу, якія даставілі двух маладых пілотаў у Мора Спакою.

Цікава, падумаў я, бо самы першы напой і самая першая ежа, пададзеныя на Месяцы, — гэта віно і хлеб прычасця».

3. Паштовыя маркі

Экіпаж «Апалона-15», запушчанага ў 1971 годзе для чацвёртай высадкі на Месяц, апынуўся ўцягнуты ў буйны скандал. Астранаўты ўпотайкі правезлі з сабой каля 400 канвертаў з маркамі, якія планавалася прадаць па заканчэнні місіі, — значна больш, чым колькасць асабістых рэчаў, дазволеная для правозу ў космас касманаўтамі. Пасля ўсе члены экіпажа атрымалі дысцыплінарныя спагнанні, а НАСА ўвялі больш жорсткія правілы, звязаныя з правозам асабістых рэчаў у космас.

4. Пяро сокала ды малаток

На Месяцы няма паветра, а значыць і яго супраціўлення. Гэта выдатнае месца, каб прадэманстраваць прынцып Галілея, які яшчэ ў пятнаццатым стагоддзі выказаў здагадку, што цяжкія і лёгкія рэчы падаюць з аднолькавай хуткасцю, калі няма супраціўлення паветра. На жаль, у яго не было ніякай магчымасці прыбраць супраціўленне паветра са сваіх эксперыментаў, у той час як у касманаўтаў такая магчымасць была. Астранаўт «Апалона-15» Дэвід Скот вырашыў ёй скарыстацца.

Знаходзячыся на Месяцы, ён кінуў малаток і пяро сокала з адной вышыні, і яны дакрануліся паверхні спадарожніка ў адзін час. Гэта было запісана на відэа, гледзячы якое, знаходзячыся на Зямлі, цяжка ўсведаміць, што пяро можа падаць з такой хуткасцю.

5. Мячыкі і клюшка для гольфа

Алан Шэпард быў адным з астранаўтаў на Месяцы ў ліку экіпажа місіі «Апалон-14», падчас якой ўзяў на Месяц два мячы для гольфа і клюшку.

Вось, што сказаў Шэпард: «На жаль, касцюм вельмі жорсткі, таму я не магу зрабіць гэта дзвюма рукамі, але ўсё ж паспрабую развеяць трохі пяску тут».

Першы ўдар падняў «больш пылу, чым мячоў». Другі ўдар перасунуў мяч на метр. Трэці ўдар быў крыху лепшы — ён запусціў першы мяч па кароткай дузе. Другі ж мяч адправіўся на «многія-многія мілі». Мячы дагэтуль на Месяцы, а клюшка вярнулася на Зямлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?