Гэта адбылося ў амерыканскім Трэнтане некалькі гадоў таму

У краме купляла пляшку сталовага віна амерыканка сталага веку, але стройная, густоўна апранутая, з лёгкай, магчыма, крыху іранічнай усмешкай і тыповым амерыканскім выразам cамаўпэўненасці і незалежнасці. Яе абслугоўвала маладзенькая, вельмі прыгожая, прыветлівая, атлетычна збудаваная бландынка. У нейкім моманце амерыканка пытае ціхонька дзяўчыну: «Чую акцэнт, але не магу вызначыць з якой вы краіны?» У адказ дзяўчына досыць голасна і ганарліва заявіла: «З Беларусі — чулі такую краіну? Калі не, дык я вам раскажу». Амерыканская дама, пачуўшы такое, замерла. Твар з нейтральнага зрабіўся напружаным. Запакаваную бутэльку яна паклала на прылавак — збянтэжылася. Але праз секунду дама, ускінуўшы рукі наперад, рынулася да дзяўчыны, каб яе абняць: «Міленькая мая, я ж таксама беларуска». Пакупніца і прадавачка абняліся.

Так пачалося сяброўства-знаёмства ў ЗША сп-ні Лёлі Касоўскай (Лапіцкай) і маладой эмігранткі Наталлі Гайнутадзінавай са Скідзеля, піша ў сваёй кнізе «Беларусы ў ЗША» Вітаўт Кіпель

Лёля (Алена) Касоўская памерла ў пятніцу, 2 лютага, у Трэнтане, на 85-м годзе жыцця.

Яна нарадзілася 27 верасня 1933 г. ў сям’і беларускага святара Мікалая Лапіцкага, што скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Бацька спачатку служыў у Ашмянах, потым у Стэфанпалі на Дзісеншчыне, затым у Менску.

Улетку 1944 г. Лапіцкія былі вымушаныя эміграваць. Шанцаў выжыць святару пад савецкай уладай не было зусім. У 1943-м Лапіцкага арыштавалі немцы, некалькі дзён пратрымалі ў турме і адпусцілі. У другой палове 1940-х сям'я жыла ў беларускіх лагерах у Рэгенсбургу і Міхельсдорфе (Баварыя). Мікалай Лапіцкі заснаваў беларускі прыход св. Еўфрасінні Полацкай, нейкі час быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе. У 1950 г. яны перабраліся ў ЗША.

Да сёння памятаю тое ўражанне ад Статуі Свабоды: радасці, надзеі, шчасця… Мо будзе гучаць звыкла і шаблонна, але гэта зямля шанцу, магчымасці, калі ад чалавека патрабуецца адно — воля і ўпартасць. Я тое вычула на сабе, калі ўсяго праз некалькі гадоў па прыезду, калі закончыла каледж й працавала загадчыкам бібліятэкі Bristol Myers Squibb Pharmaceuticals, падпісвала мнагамільённы кантракт у кабінеце з вокнамі на Статую Свабоды. Не адна я — уся наша сям’я стала на ногі, здабыла адукацыю, атрымалі добрыя працы, наладзілі такое жыццё, пра якое ў той час нават не марылася. Толькі ў Амерыцы!

Напачатку пасяліліся ў Пасэйку (Нью-Джэрсі). Мікалай Лапіцкі працаваў на заводзе па выпуску тэлевізараў, але арганізаваў прыход у Саўт-Рыверы і штовыходныя, у вольны час, ездзіў служыць у новаствораную царкву.

 Калі ж мы набылі машыну, і я атрымала правы, вазіла бацьку і сама заставалася ў гарадку, бо там заўсёды нешта адбывалася цікавае, ішло беларускае жыццё. Пазней атрымалі правы і тата з мамаю, ездзілі ўжо самі.

 Выйшла замуж за Лявона Касоўскага, скончыла хімічны факультэт Ратгерскага ўніверсітэта, затым вывучылася на бібліятэкара, выгадавала двое дзяцей. Брала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці.

Найбольшы даробак Лёлі Касоўскай — спонсарства беларускіх праектаў: яна давала грошы на выданне кніг, часопісаў, дабрачынныя мэты.

Была адным з тых, хто спрычыніўся да стварэння беларускай калекцыі ў бібліятэцы Ратгерскага ўніверсітэта. Перадала туды архівы Мікалая Лапіцкага, Івана Касяка. Але яна заўсёды моцна ганарылася, што бацька пабудаваў царкву ў Саўт-Рыверы.

Прайшло нямала часу ад дня ягонай смерці (у 1976 г.), але й па сёння ў Саўт-Рыверы я для ўсіх — дачка айца Лапіцкага, які збудаваў царкву. Дасюль да мяне падыходзіць людзі й згадваюць, якім ён быў чалавекам. І штораз я адчуваю гонар, што я — дачка бацькі й сваёй маці…

Апошнія гады сп. Лёля моцна хварэла і ездзіла ў вазку, яе глядзела жанчына з Беларусі. Але старалася хоць раз на некалькі месяцаў выбрацца ў царкву.

Лёля Касоўская і Наталля Гайнутадзінава (Бярыла) у Трэнтане, 2015 г., фота з кнігі Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША».

Лёля Касоўская і Наталля Гайнутадзінава (Бярыла) у Трэнтане, 2015 г., фота з кнігі Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША».

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?