У першай палове студзеня ля вёсачкі Колбавічы Баранавіцкага раёна актывістамі арганізацыі «Казацкі Спас» былі ўсталяваныя два крыжы. На адным дубовым крыжы выкананы надпіс па-руску «Адрынутыя гвалтам (1596)», на другім — «Уз’яднаныя любоўю (1839)».
Даты даюць адсылку да падзей, звязаных з уніяцтвам. 1596 — год падпісання Брэсцкай уніі. 1839 — год скасавання уніі ў Расійскай Імперыі. З апошнім надпісам выпускаўся медаль у Расійскай Імперыі.
У аддзеле ідэалогіі Баранавіцкага райвыканкама «Нашай Ніве» паведамілі, што мясцовыя ўлады не давалі дазволу на ўсталяванне гэтых крыжоў. «Не, канечне, ніякага дазволу не было. Заўтра а 8 раніцы адбудзецца нарада па гэтым пытанні. Да кіраўніцтва ўжо дайшла ўся інфармацыя. Пасля нарады будзе больш інфармацыі», — паведамілі «НН».