Ўзнагароды для ўдзельнікаў спаборніцтваў, якія зладзяць для спартсменаў, што не патрапілі на Гульні-2018 у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане, будуць прыроўненыя да памеру узнагарод на Алімпіядзе, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Ягоныя словы цытуе РІА «Навіны» ў сераду, 31 студзеня, паведамляе Tut.by.
Дзмітрый Пяскоў. Фота: Reuters
«[Уладзімір Пуцін — Рэд.] даручыў: першае — па выніках гэтых спаборніцтваў забяспечыць прэміяванне (…) у памеры як на Алімпійскіх гульнях. Гэта значыць яго памер будзе прыроўнены да Алімпійскіх гульняў», — сказаў Пяскоў.
Раней у сераду прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў спартсменаў за тое, што краіна не змагла абараніць іх інтарэсы ў ходзе допінгавага скандалу, што развярнуўся напярэдадні Алімпійскіх гульняў — 2018. Такую заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў на сустрэчы з расійскімі спартсменамі — удзельнікамі Алімпіяды ў Пхенчхане.
5 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) адхіліў зборную Расіі ад удзелу ў Алімпіядзе. Расійскія атлеты, не звязаныя з расследаваннем Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, выступяць без гімна і пад алімпійскім сцягам.
Нягледзячы на заяву камітэта, які абяцаў, што «чыстыя» спартсмены змогуць прыняць удзел у Гульнях, шэраг вядучых расійскіх атлетаў не атрымалі запрашэння на спаборніцтвы. У іх лік увайшлі біятланіст Антон Шыпулін, лыжнік Сяргей Усцюгаў і шорт-трэкіст Віктар Ан, якія не падазраваліся ў парушэнні антыдопінгавых правілаў.
Гульні ў Пхенчхане пройдуць з 9 па 25 лютага.





