Калі я чую «беларускі чыноўнік» — адразу пачынаю любіць. Нават яшчэ не ведаю, што і каго, але любіць пачынаю адразу. За шчырасць. За паслядоўнасць. За прадказальнасць.

Гэта пад назвай «беларускі апазіцыянер» можа хавацца што заўгодна. Камуніст, анархіст, сферычны ліцвін, святы альбо грэшнік, вялікі гуманіст альбо дробны злодзей. А тут — не. Тут чыстая натура, цэльная, як персанаж савецкага кіно пра пад'ём цаліны.

Калі чыноўнік піша адказ Ганне Севярынец, то адказ будзе абавязкова не пра сваю працу, а пра Ганну, пра тое, што яна «пераацэньвае ўласную значнасць».

Калі цэлы лімпійсцкі чэмпіён збіраецца стаць дэпутатам, то на пытанне журналіста «навошта?» ён адкажа: «А якая вам розніца?» То бок, разумееце, беларускі чыноўнік — гэта калі ты ўжо чыноўнік, нават калі яшчэ не чыноўнік.

Ты сам сабе маркер, сам абазначаеш сваю форму і змест.

Ты недзялімы і зараджаны, як атам г*ўна.

Ты — самы шчыры перад сабой і сусветам.

Ты нічога не хочаш з сябе вырабляць, ты не хочаш нічым здавацца. Ты — такі, як ёсць, і хай усе успрымаюць цябе па справах тваіх.

Калі нейкі безыменны арганізм, седзячы ў нейкім кабінеце на нейкім акладзе з пасадавай інструкцыяй забіваць муху раз на пяць хвілін, тым не меней лічыць, што мае крытэр значнасці для ўсіх і кожнага, альбо калі ён ідзе ў дэпутаты ад імя народа, прапануючы народу ад'*бсціся і не лезці са сваімі дурацкімі пытаннямі — гэта кажа пра што?

Гэта кажа пра выключную шчырасць, з аднаго боку, і пра жаданне захоўваць дыстанцыю, паміж «народам» і сабой.

Бо яно — шчырае. Яно хоча, каб было бачна, што яно — вось такое і яно не сярод нас, а вунь там. У жоўтым акенцы. Што яно пільна сочыць за табой, але нічога агульнага з табой не мае, не хоча і ніколі не будзе мець.

Гэта затворніцтва. Гэта паслушніцтва. Гэта святасць і аскеза ў чыстым выглядзе. Яны адракліся, пакінулі, адрынулі і далі абяцанне.

Юродзівыя з Карла Маркса і іншых слаўных вуліц маёй краіны! Я люблю вас. Я ганаруся вамі. Я сачу за вамі і таксама не хачу з вамі мець нічога агульнага.

Мір вам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?