Фота: AFP / Thomas Samson

Фота: AFP / Thomas Samson

Інтэрв'ю з'явілася ў спецыяльным выпуску, прысвечаным 60-годдзю кар'еры вялікага артыста. Успомніўшы пра сваё жыццё, свае ролі, сяброў і сям'ю, Дэлон тлумачыць сваё непрыманне сённяшняй рэчаіснасці: «Жыццё мне больш нічога не прыносіць. Я ўжо ўсё бачыў, усё перажыў. Але галоўнае, я ненавіджу гэтую эпоху, мяне ад яе ванітуе».

«Я ненавіджу гэтых людзей. Усё фальшыва, усё — падробка. Павагі больш не існуе, ніхто не выконвае сваіх абяцанняў. Толькі грошы маюць значэнне. Кожны дзень, з раніцы да вечара, мы толькі і чуем пра злачынствы. Я ведаю, што пакіну гэты свет без шкадавання», — кажа акцёр.

Дэлон трохі распавядае пра няўдачы ў сваім асабістым жыцці, пра цяжкія ўзаемаадносіны з сям'ёй. Пра жанчын, якіх кахаў, і сяброў, якіх ужо няма ў жывых.

Паводле яго прызнання, асаблівае значэнне ў жыцці акцёра маюць сабакі. Каля пяцідзесяці яго чатырохногіх сяброў пахавана ў яго садзе ў прыгарадзе Парыжа, менавіта з імі ён жадае быць пахаваны і сам.

На пытанне аб месцы жанчын у сваім сённяшнім жыцці Дэлон адказвае, што «тую самую» яшчэ не знайшоў. «Я б не сказаў, што ў мяне бракуе кандыдатак. У мяне іх каля дзясятка, але ні адна не падыходзіць на тое, каб з ёй разам пражыць рэшту жыцця. Я мог бы ажаніцца з жанчынай, толькі калі б яна была гатовая суправаджаць мяне да канца маіх дзён», — тлумачыць Дэлон.

Кар'ера акцёра яшчэ далёка не скончана: у інтэрв'ю ён распавядае пра апошні фільм, які здымае Патрыс Леконт і ў якім галоўныя ролі выконваюць Ален Дэлон і Жульет Бінош. Аднак здымкі пастаянна адкладаюцца. Дэлон таксама кажа, што хацеў бы вярнуцца на тэатральную сцэну.

Апошні фільм, у якім Ален Дэлон сыграў ролю Цэзара, «Астэрыкс і Алімпійскія гульні» выйшаў на экраны ў 2008 годзе. У тэатры ён у апошні раз граў у 2013 годзе разам са сваёй дачкой Ганнай Дэлон, выконваючы і на сцэне ролю яе бацькі.

«Я артыст, але не акцёр, я не сканчаў акцёрскай акадэміі», — нагадвае Дэлон, кажучы пра сваю прафесію. «Я нічога для гэтага не рабіў. У 14 гадоў я кінуў школу, а потым пайшоў у армію. Я з тых артыстаў, якімі былі Жан Габен, Ліна Вентура або Берт Ланкастэр — моцныя асобы, якіх здымалі ў кіно. І я магу заявіць, без залішняй сціпласці, што мне гэтая прафесія ўдалася».

«Я ніколі не марыў пра такую кар'еру, яна сама сабой удалася, — кажа Ален Дэлон. — Я не нарадзіўся, каб стаць Аленам Дэлонам. Я павінен быў памерці ўжо даўно. Але гэта называецца лёс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0