Пятро Брыгадзін ад 2001 да 2003 быў міністрам адукацыі. З таго часу працуе дырэктарам Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. «Наша Ніва» распытала ў былога чыноўніка аб праблемах беларускамоўнага выкладання ў школах і ўніверсітэтах.

«Наша Ніва»: Пятро Іванавіч, наколькі ведаю, вы з’яўляецеся прыхільнікам канцэпцыі, каб выкладанне гуманітарных прадметаў ішло па-беларуску нават у рускамоўных школах?

Пятро Брыгадзін: Сапраўды, гэта тая тэма, якая патрабуе не проста размоваў, але і прыняцця канкрэтных рашэнняў. Мяне засмучае, што скарачаецца колькасць беларускамоўных плыняў, школаў у вёсцы. Трэба думаць, як падтрымаць беларускамоўныя плыні. Мы нічога новага тут не прыдумаем: такое ўжо было ў Беларусі пасля вайны, у 1950-я. Тады некаторыя прадметы выкладаліся на беларускай мове, іншыя — на рускай. І нават у беларускамоўных школах частка прадметаў выкладалася на рускай. Выкладчыкі самі вырашалі, якой мовай яны лепш валодаюць і якой аддаюць перавагу. І гэта вырашалася на мясцовым узроўні.

У мяне, напрыклад, у школе гісторыя выкладалася па-руску, а матэматыка — па-беларуску, фізіка — па-руску, хімія — па-беларуску. А мы, сельскія дзеці, размаўлялі на паляшуцкай мове. Калі прыязджаю ў родныя мясціны, то адразу пераходжу са старымі на сваю мову. І яны кажуць: «О, свой». З мамай я размаўляў па-паляшуцку, з бацькам — на рускай. І такое шматмоўнае асяроддзе не перашкаджала нам у развіцці.

На сёння ў навучальных установах павінна быць тры мовы: беларуская, руская і англійская, як мова, без якой мы не створым новую ІТ-эканоміку. Выкладанне некаторых прадметаў, найперш гуманітарнага цыкла, як гісторыя, трэба рабіць на беларускай мове.

«НН»: Вы чытаеце лекцыі па-руску ці па-беларуску?

ПБ: Я кожны год праводжу апытанне студэнтаў. На першай лекцыі пытаюся: на якой мове выкладаць? І студэнты кажуць: «Вось каб на рускай». А за выкладанне па-беларуску выступае толькі каля 5% студэнтаў. Тады я чытаў некаторыя лекцыі па-беларуску, каб студэнты чулі нашу мову, не забываліся на яе.

Я напісаў падручнікі для студэнтаў і па-беларуску, і па-руску. Дык той, што на рускай мове, адразу разышоўся. А на беларускай — толькі палова тыража.

Паціху працэс адраджэння мовы ідзе. Я тут аптыміст: ніколі мы не згубім мову. Гэта сядзіць у нас генетычна. Адраджэнне будзе ісці незалежна ад жадання тых ці іншых. Асабліва гэты працэс паскараецца ў нейкія крытычныя моманты, моманты крызісаў, калі трэба пачуць, што гэта «свой», як той пароль. Мова адраджаецца ў складаных абставінах.

«НН»: У мяне ёсць назіранне — калі ў маёй вёсцы на Барысаўшчыне памірае нехта са сваякоў, то за жалобным сталом усе пераходзяць між сабой на беларускую. На тую мову, якую чулі з дзяцінства.

ПБ: І ў такія моманты ўсё ідзе ад сэрца. І словы кладуцца па-іншаму. Яно ўсё жыве. Складана, канечне, з беларускай мовай для дзяцей. Але я гляджу, што нават у гімназіях з першага класа вывучаюць беларускую.

А для ВНУ мне здаецца, што фарміраванне беларускамоўных плыняў — гэта тое, што не патрабавала такіх рашучых зменаў. Былі аматары беларускамоўнага выкладання, тое, што рабілася ў 90-я, падштурхнула да стварэння тэрміналогіі, слоўнікаў, новых падыходаў.

 «НН»: Здаецца, калі вы былі міністрам, то выкладанне гісторыі Беларусі было абавязковым па-беларуску нават у рускамоўных школах. Толькі ў 2006-м адбыліся змены.

ПБ: Жорсткага кантролю не было. Проста так было закладзена, такая традыцыя, што гуманітарныя прадметы, напрыклад, гісторыя, геаграфія Беларусі выкладаліся па-беларуску. Плюс беларуская мова і літаратура — гэта складала такі фон, каб дзеці не забываліся на беларускую.

«НН»: Яшчэ кажуць, важнай была роля радыёкропак. Калі пастаянна чулася беларуская мова, то павялічваўся лексічны запас і слухач станавіўся пасіўным носьбітам мовы.

ПБ: Можа быць. Гэтая кропка гаварыла і гаварыла цэлы дзень. Сапраўды, гэта таксама стварала моўны фон.

Важная рэклама, гарадскія надпісы па-беларуску — гэта ўсё звязана паміж сабой. Паціху павінна фарміравацца такое беларускамоўнае асяроддзе. Ніякіх рэвалюцый тут не трэба. Нават у 1917 годзе нашыя найлепшыя прадстаўнікі гаварылі аб тым, што трэба паціху вяртацца да мовы. Не прымалася ідэя нацыянальнага адраджэння ўсімі, прымалася ідэя сацыяльнай справядлівасці. І гэта было на першым плане. Ніякага прымусу быць не можа, ён мае іншы эфект.

«НН»: Як вы ставіцеся да вышываначнага буму, якія пачаўся пару гадоў таму?

ПБ: Чаму не? Гэта ўсё культурная традыцыя. Вышыванка ёсць і ў нас, і ва ўкраінцаў, і ў расейцаў, і ў татараў. Гэта цікавасць да нашай этнаграфіі. У мяне самога ёсць вышыванка. Я памятаю, як мама ў дзяцінстве рабіла вышыванку, вышывала крыжыкам на саматканым матэрыяле. Я падтрымліваю такое, няхай ідзе.

Яшчэ б і паясы шляхецкія трэба ў моду ўвесці! Якая цудоўная рэч была. І шляхціч без пояса быў нешляхцічам. Раней выйсці з хаты без пояса было, як сёння без штаноў. І цікавасць да шляхты трэба падымаць. Мы павінны ведаць пра тое, што ў культурнай традыцыі беларусаў. У нас у крыві не толькі сялянства. Шляхта мела аграмадны ўплыў на культуру беларусаў, на іх паводзіны. Чаму казалі, што беларусы-ваяры заўсёды былі аднымі з найлепшых нават у наёмных войсках? Гэта шляхецкі гонар, людзі справы, сказана — зроблена. Лепш смерць, чым «пазор», як казалі тады. Гэтая традыцыя нікуды не знікла.

Чытайце таксама: Былы міністр адукацыі Пятро Брыгадзін: Стваральнікам БНР трэба сказаць дзякуй

***

Пятро Брыгадзін

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Моладава Іванаўскага раёна. Скончыў гістфак БДУ (1971). Выкладаў у БДУ. Рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (2000—2001). Міністр адукацыі (2001—2003). Ад 2003 — дырэктар Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?