Алесь Аркуш. Апавяданьне.

Пра тое, што Дзіма Войтка мой малочны брат, я даведаўся пасьля таго як зь ім пасябраваў. Яго бацька, таксама як мае тата і мама, працаваў на Смалявіцкай ДРЭС. Мы былі карэннымі дрэсаўскімі мальцамі, да таго ж вучыліся ў адной клясе.

З чаго пачалося наша школьнае сяброўства ўжо і ня помню. Напэўна, з музыкі. Абодва былі аматарамі заходняга року. Я выключна ў якасьці слухача, а Дзімыч, так яго называлі сябры, добра іграў на гітары. У Дзімыча быў старэйшы брат, які на той час ужо сабраў вялікую фанатэку. А я меў стрыечнага брата, што вучыўся ў Менску і пэрыядычна прывозіў мне запісы, -- на ягоным факультэце займалася багата замежных студэнтаў. У нас было чым абменьвацца і што перапісваць адзін у аднаго на свае бабінныя магнітафоны.

Дзімыч быў брунэтам і высокага росту. Я — русавалосы, і на галаву ніжэйшы за сябра. Здаецца, менавіта мая маці і прыдумала нам калектыўную мянушку «Санча і Панса». Дзімычу гэта спадабалася, ён мяне так і зваў Санча.

Я зьдзіўляўся, як лёгка Дзімыч падбіраў акорды, як складна выбудоўваў мэлёдыю. У шостым клясе бацькі купілі гітару і мне, пасьля чаго Дзімыч узяўся мяне музычна адукоўваць. Вучнем я аказаўся няздольным, далей некалькіх самых простых песенек справа не пайшла. Але Дзімыч не губляў надзею стварыць сяброўскі гурт. Пэрыядычна ў маёй кватэры, паклікаўшы яшчэ пару аднаклясьнікаў, мы наладжвалі сэйшаны. Замест барабанаў і талерак, прыстасоўвалі рондлі і патэльні. З музычных інструмэнтаў мелі толькі дзьве гітары і дзіцячы ксілафон. Аднойчы нават запісалі на магнітафон наш «дэбютны альбом». Памятаю, у той час усе гурты пры школах і ДК мелі у сваім рэпэртуары песьні пра Вялікую Айчынную вайну. З гэтай казёншчыны і неадпаведнасьці нашаму разуменьню рок-культуры мы абураліся і ўсяляк тое высьмейвалі. У выніку самі напісалі песьню пра ВАВ. Рэфрэнам у ёй быў радок «немцы пад Барысавам, немцы пад Барысавам». Звычайна «школьныя і домкультурныя» калектывы сьпявалі пра подзьвіг савецкага народа, а мы сваю песьню прысьвяцілі першым дням вайны.

Насілі мы і адпаведныя фрызуры. Дзімыч, як лідэр гурту, быў самы патлаты. У школе ўпарта але беспасьпяхова спрабавалі пазбавіць хлопца ягоных смаляных кудзераў. Кантроль фрызураў звычайна адбываўся падчас урока працы, калі хлопцы займаліся асобна ад дзяўчат. Нас вышнуроўвалі ў шыхт і за хлапечымі сьпінамі клясны кіраўнік або завуч выносілі вэрдыкт, каму трэба ісьці ў цырульню. Дзімыча накіроўвалі ў першых шэрагах. Ён сыходзіў, але назаўтра зьяўляўся ў клясе ў сваім звыклым выглядзе. Выклікі бацькоў у школу дапамагалі слаба. Дзімыч згаджаўся толькі крыху абкарнаць свае бітлоўскія пасмы.

Пра тое, што Дзімыч мой малочны брат я даведаўся выпадкова. Неяк маці, трымаючы ў руках шкляны графін, на якім было напісана «50 лет БССР», сказала, што гэта падарунак маці Дзімы. Мой сябар нарадзіўся на дзень раней за мяне, 27 траўня. У ягонай маці хутка зьнікла малако, а ў маёй мамы заставалася, прыходзілася сцэжваць. Гэтыя лішкі і патраплялі Дзімычу. Тры месяцы мама дзялілася малаком. У выніку, як я пазьней жартаваў, мой сябар і вырас такім даўгалыгам! У знак удзячнасьці маці Дзімы падарыла маёй маме прыгожы графін.

Пасьля 8 клясы я паступіў у Жодзінскі палітэхнікум. У мяне зьявіліся новыя сябры, але Дзімыч заставаўся сярод блізкіх мне людзей. Зь ім я хадзіў на танцы, па-ранейшаму слухаў музыку і ягонае брынчаньне на гітары.

У войска мы пайшлі ў адзін год — 1979-ы. Дзімыча забралі раней. Неяк зусім квола згадваюцца ягоныя провады. Помню, што «разьвітальная вячэра» ладзілася ў самым вялікім пакоі іх кватэры. У той час падобныя вечарыны колькасьцю гасьцей і выпіўкі нагадвалі вясельле. Дзімыча на маіх провадах не было, ён тымчасам праходзіў каранцін у Слуцку, а затым пачаў служыць у ракетным дывізіёне ў гарадзкім пасёлку Ўрэчча Любанскага раёну. Я ж патрапіў у вучэбку ў Печы, па сканчэньні якой служыў у Берасьці на памежнай вайсковай перавалачнай базе.

Падчас службы мы ліставаліся: пісалі пра свае праблемы, марылі пра «гражданку».

Але ўсё надалей адбылося далёка ня так як марылася, прынамсі ў Дзімыча. Пасьля арміі нашыя жыцьцёвыя шляхі пайшлі рознымі каляінамі: я паступіў у наргас, Дзімыч пачаў працаваць на СмалДРЭС. Мой музычны настаўнік неўзабаве ажаніўся і пераехаў у Вуглы -- аддалены ад пасёлку ДРЭС куточак Жодзіна. Мы пачалі бачыцца рэдка, практычна выпадкова. У Вуглах, дзе ён жыў у прымах, я, здаецца, быў усяго адзін раз.

Па сканчэньні наргасу я пераехаў на Полаччыну і нашыя сувязі канчаткова абарваліся. Весткі пра Дзімыча мне даходзілі праз маці, калі я наведваў бацькоўскі дом. Навіны былі сумнымі. Дзімыч пачаў выпіваць. Некалькі разоў я выпадкова сустрэў яго на ДРЭСе. Сябар быў нападпітку. Ад таго ранейшага энэргічнага, прыгожага Дзімыча мала чаго засталося. Агульнымі цяпер у нас былі хіба што ўспаміны пра мінулае.

Пасьля 40-годзьдзя ў Дзімыча пачалася чорная паласа. Татальна не шанцавала. Пазбавіўся працы на СмалДРЭС. Распалася сям’я. І самае страшнае: дачка загінула ў авіякатастрофе, ляцела на адпачынак тым самым самалётам, які пацярпеў аварыю над Бодэнскім возерам у Нямеччыне.

І зусім нечаканая навіна прыйшла ў 2008 годзе. Прыехаўшы ў адпачынак да бацькоў у Жодзіна, ад маці пачуў, што Дзімыча больш няма. Сэрца сябра спынілася ўвесну, калі пачала абуджацца прырода.

Толькі зараз зразумеў, што мы па войску так і не сабраліся ўсе разам, не пагутарылі, не памарылі пра нешта сапраўднае, істотнае. Прабач, Дзімыч, што не падтрымаў цябе ў цяжкую гадзіну. Ты, папросту, ня змог самастойна знайсьці выйсьце са свайго жыцьцёвага лябірынту. Мне здаецца, калі б ты быў побач, на маім відавоку, калі б мы трымаліся б надалей разам, я ня даў бы табе сасьлізнуць у невараць. Ты ня быў якімсьці канчаткова згубленым. Ты проста заблукаў.

Недзе на антрэсолях у маіх бацькоў ляжыць бабіна з запісам нашага першага і адзінага музычнага альбому. Наш гурт так і не атрымаў назвы. Я назаву яго постфактум «Санча і Панса».

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?