Першая група беларускай алімпійскай каманды прыбыла ў алімпійскую вёску ў Пхенчхан, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Мінспорту.
Як распавёў шэф беларускай місіі, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля, спартсмены прыляцелі ў Сеул рэйсам з Абу-Дабі, затым За тры гадзіны пераехалі на камфартабельным аўтобусе ў Пхёнчхан.
Фота Міністэрства спорту і турызму РБ
«У Алімпійскай вёсцы ўсё размешчана кампактна і зручна. Сустракаюць ветліва, дапамагаюць ва ўсім разабрацца і зарыентавацца», — падкрэсліў Аляксандр Барауля. Як адзначылі ў беларускай дэлегацыі, умовы пражывання лепшыя, чым у Рыа-дэ-Жанейра. Няма неабходнасці прыводзіць пакоі ў парадак, ўсё падрыхтавана своечасова.
Зараз у Пхёнчхане холадна і ветрана. «Пакуль дайшлі ад call-цэнтра да свайго дома, а гэта нейкіх 300-400 метраў, грунтоўна азяблі. На вуліцы градусаў 8-9 марозу, а па адчуваннях разы ў два халадней», — дадаў ён. У бліжэйшыя дні беларусы будуць ўладкоўваць штаб дэлегацыі і медыцынскі блок. Заўтра павінны прайсці афіцыйную працэдуру акрэдытацыі.
ХXIII зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане пройдуць з 9 па 25 лютага. Усяго на Гульнях будзе разыграна 102 камплекты ўзнагарод у 7 відах спорту па 15 дысцыплінах. Беларусь будуць прадстаўляць 28 спартсменаў, якія выступяць у 6 відах спорту.





