Фота з фэйсбука Анатоля Лябедзькі

Фота з фэйсбука Анатоля Лябедзькі

На выязны прыём да міністра абароны Андрэя Раўкова ў Навагрудку 17 студзеня схадзілі лідары апазіцыйных арганізацыяў — Анатоль Лябедзька (АГП) і Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду»).

Як распавёў Еўрарадыё Анатоль Лябедзька, у размове з міністрам апазіцыянеры ўзнялі па два пытанні кожны. Лідар АГП запрасіў прадстаўнікоў Міністэрства абароны да ўдзелу ў пляцоўцы «Еўрапейскі дыялог»: на сакавік-красавік плануецца круглы стол, на якім абмяркуюць дзедаўшчыну ў войску.

«Гэтая праблема на сённяшні дзень адна з самых вострых і самых актуальных. Мы адсочваем, маніторым сітуацыю, што зроблена Міністэрствам абароны, але гэта нейкія кропкавыя дзеянні, якія датычаць канкрэтнай тэрыторыі, казармы. А тут трэба гаварыць пра сістэмныя змены… Мы казалі, што туды запрашаем і экспертаў з іншых краін. І было б вельмі важна, каб сустрэліся людзі з рознымі поглядамі і пазіцыямі, але каб там была такая дыскусія, на выхадзе з якой будуць пэўныя дзеянні», — паведаміў Анатоль Лябедзька

Другі пункт размовы — змены ў заканадаўстве. У 2017 годзе былі ўнесеныя змены ў восем законаў, кажа Лябедзька, але яны не датычылі дзедаўшчыны. Ён прапанаваў стварыць рабочую групу, якая будзе кантактаваць з Мінабароны, каб ведаць пазіцыю ведамства. «Калі Мінабароны будзе супраць, то ясна, што ніякага прыняцця закона не будзе», — канстатуе апазіцыянер.

У сваю чаргу Юрась Губарэвіч прапанаваў правесці круглы стол па гісторыі і перайменаваць сувораўскую вучэльню (Як вядома, у Беларусі расійскі палкаводзец Аляксандр Сувораў праславіўся задушэннем паўстання Тадэвуша Касцюшкі)

Таксама палітыкі спыталіся, ці плануецца ў Беларусі ствараць расійскія вайсковыя базы.

«Па вайсковых базах ён даў нам слова міністра, што ніякіх планаў няма, не абмяркоўваецца, што гэта ўсё інсінуацыі і прыдумкі», — кажа сп. Лябедзька

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0