«У гэтыя хвіліны разбіраюць стары млын у Ашмянскім раёне. Разбіраюць на дровы.

Я разумею: статуса ахоўнага не мае. Але пазваніў старшыню СВК «Гальшанскі» Мікалаю Праўко, прапанаваў розныя варыянты: ці выкупіць аб'ект як дровы, ці падпісаць дамову з імі аб даглядзе аб'екта, ці купіць ім дровы. Любы варыянт. У адказ было: «Не дуры мне галавы», — напісаў у фэйсбуку краязнаўца, дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш.

Гаворка ідзе пра будынак млына ХІХ—ХХ ст. у вёсцы Нарушаўцы Ашмянскага раёна, частку колішняга фальварку Зацішак.

«Які помнік? Там аварыйнае ўсё, абваліцца. Ён у нас на балансе, не трэба ён нам», — пракаментаваў карэспандэнту НН сітуацыю старшыня СВК «Гальшанскі» Мікалай Праўко.

Алесь Варыкіш не згодны: «Варыянты былі. Драўляны будынак — гэта мазаіка: выняў папсаваную частку — уставіў здаровую. І старэйшыя драўляныя будынкі стаяць. Чаму б было не пайсці насустрач, не захаваць гэты? Пасля яго знікнення на ўсім раёне стары млын застанецца толькі ў Гальшанах».

Млын у Нарушаўцах, на рацэ Гальшанцы, мае турыстычны патэнцыял: гэта адзін з аб'ектаў турыстычнага маршруту «Гальшанская пятля».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?