Пасажырскі самалёт кампаніі Pegasus Airlines выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы і скаціўся па схіле ледзь не зваліўшыся ў мора пры пасадцы ў турэцкім Трабзоне, паведамляе агенцтва «Анадалу».
На борце «Боінга-737» знаходзіліся 162 чалавекі. 11 чалавек паранена. Усе пасажыры паспяхова эвакуяваныя.
Самалёт спыніўся ў лічаных метрах ад вады. Калі б ён з'ехаў далей, наступствы былі б значна больш сур'ёзнымі.
Інцыдэнт адбыўся падчас пасадкі лайнера, які прыляцеў у чарнаморскі Трабзон з Анкары ўвечары 13 студзеня. Пасля гэтага аэрапорт быў зачынены да раніцы, некалькі рэйсаў адмененыя.





