Свежына — успамін, дарагі многім. Не толькі смакам страў, але і тым, што род збіраецца за адным сталом.

Свежына — успамін, дарагі многім. Не толькі смакам страў, але і тым, што род збіраецца за адным сталом.

«Добра, што збавіліся ад гэтага свінства!» — ледзь не штодня паўтарала бабуля тым летам, і было незразумела, чаго болей у яе словах: спробы канчаткова пераканаць самую сябе ці праўдзівай уцехі. Тое лета 96-га насамрэч было для нас адметным. Першае лета без парсюкоў, але пакуль што з паляндвічкамі ў кладоўцы. Адважыцца збавіцца ад свінства бабуля не асмельвалася гадоў пяць, нягледзячы на ўгаворы дзяцей і стан здароўя.

«Нашто вам тыя свінні? Колькі вам з бацькам таго мяса трэба, у цябе ж ногі хворыя, ледзьве па хаце соваешся. Не так яно і выгадна цяпер стала, падаражэла ўсё: і хлеб, і крупы — і камбікорм не надта вязуць…» Бабуля слухала, пагаджалася… А вясною зноўку два лычы рохкалі ў хлеўчуку.

Яна была працавітай, практычнай, ашчаднай. Найперш усведамляла сябе дужай і спраўнай да любой працы гаспадыняй ся­дзі­бы і па­двор­ка, і толькі па­сля маці і настаўніцай. Галоўным было самой заўжды рабіць работу і сачыць, каб сям’я таксама не лайдачыла. Казала: «Скупы — не дурны. Запас бяды не чыніць. Чым дабру прападаць — дык няхай жывот лопне!» Але пры гэтым, у які б час сутак ні завітаў дарагі госць, заўжды мела чым прыняць, бо «людзі глядзяць, што на стале, а не па вуглох».

Калегі па працы і сябры, пры­гад­ваючы яе, заўжды прыгадвалі таксама хатнія бяседы, вэнджаныя па­­лянд­­вічкі ды каўбасы. Цяпер та­кіх ані на кірмашы, ані ў краме не зной­дзеш. Таму бабуля не магла раз­ві­тацца са «свінствам» нават тады, калі ўжо нават на ганак не выходзіла і ўсю работу рабіла седзячы.

Словы «свіння» і «свінства» для мяне ніколі не мелі агульнапрыня­тай негатыўнай афарбоўкі.

Байка «Ганарысты парсюк», чытаная ў пад­ручніку, нічога не змяніла. Памятнае з маленства: «Дзюдзі кажуць: «Рох-рох-рох, смачны параны гарох…» — аказалася мацнейшым. Па­ба­чыўшы ў школьныя гады арты­кул у газеце пра тое, што свінню можна навучыць тым самым камандам, як і сабаку, але за больш кароткі тэрмін, я не здзівілася. Бо суседскі дурны сабака брахаў на мяне, на нашым двары стоячы. А вось нашыя ка­бан­чыкі, хаця і толькі зблізку, заўжды пазнавалі гаспадароў.

Сям'я Амельяновічаў збірае старыя гадзіннікі.

Сям'я Амельяновічаў збірае старыя гадзіннікі.

Як усе свінні на свеце створаныя зямлю рыць, а не лічыць зоркі на небе, яны няздоль­ныя ўздымаць галовы ўгару.

Падчас сваіх рэдкіх шпацыраў па двары, заўважыўшы здалёк любыя чалавечыя ногі ля брамкі, з віска­там і рохканнем наша свінства ляцела насустрач. Аднак, наблізіўшыся і па­­ба­чыўшы малазнаёмую асобу без вядра ў руках, рэзка спынялася і, развярнуўшыся з ранейшым ім­пэ­там, навыперадкі імчэла прэч. Хаця параўнанні былі не на карысць суседскага сабакі, але дрэсіраваць парасят, ездзіць на іх, ганяць па двары не прыходзіла нам з сястрою ў галаву, бо разумелі: старэйшыя не пахваляць — нашыя свінні не для гэтага. Іх можна толькі пагладзіць, пачухаць за вухам і, канешне, карміць.

Бабуля карміла парасят мяшанкаю тройчы на дзень, апроч таго, па­між асноўнымі прыёмамі ежы ім кідалі не менш за два кошыкі зелля і паданкі. Буйныя яблыкі трэба было рэзаць на кавалкі, бо «ў кабанчыка няма рукі ўзяць», з ігру­шаў выразаць сярэдзіны і хвасты, каб не забіўся страўнік.

У Паплаве людзі маюць цудоўныя сады.

У Паплаве людзі маюць цудоўныя сады.

Варылася ў чыгуне і таўклася секачом бульба, падмешвалася мука да першага падарожання ку­пля­ная, рэзаны гарбузнік, бацвін­не, ашпа­ра­ная крапіва, у куце заў­жды стаяў картапляны мех з кру­па­мі-сечанкай, адмыслова для сві­ней у гародзе развялі, а пасля ніяк не маглі звесці земляную грушу. Пакуль было магчыма, крышылі хлеб, у 80-я гады ніхто з гаспадароў у краме менш за 8 —10 боханаў не купляў. Усё, што не даелі людзі, апроч супу, на свіным булёне вараным, — «адзін аднаго есці будуць», — даядалі парасяты.

Летам да гадавання свінства да­лу­ча­ліся і мы з сястрою. Ужо гадоў у 8—9 ірвалі зелле, збіралі паданкі шчэ раней. Спярша дзеля выхавання і прывучэння да працы, пасля — у нашай дапамозе з’явілася рэальная патрэба: бабуліна здароўе год ад году горшала, дзядуля таксама не маладзеў.

Не скажу, што рваць зелле, ды яшчэ ў барознах, а заадно і бульбу праполваць, у дзяцінстве і ранняй маладосці надта падабалася. Рэзаць паданкі, асабліва калі іх назбіралася 3 кошыкі, таксама. Іншая справа — гарбузнік! Трашчыць, смачна хрумкае пад нажом, аж сакавітыя пырскі ляцяць, да таго ж на ганку рэжаш, а не ў хаце — бачна, хто па вуліцы ідзе.

Свінні жылі ў векавой будыніне з тоўстых бярвёнаў, збудаванай яшчэ бабуліным дзедам і падзеленай на дзве палавіны — варыўню і свіран. У куце свірна, напамінкам пра ягоную былую веліч, стаялі жорны. У засеку насупраць ляжаў торфа­бры­кет, трохі далей, злева за нізкаю брамкай, месціўся загон для свіней памерам з ладную маласямейку, тут у любую пару панавалі прыцемкі і пра­ха­лода, праз малене­чкае акенца бруілася святло, па вуглах ту­лі­ліся драўляныя колы ад падводы, бабуля казала, гэта для таго, каб вуглы не гнілі, а людзі казалі, што яна «нешта знае».

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Свінням было зручна: рый колькі хочаш — нічога не звернеш, людзям не вельмі. Пры ўваходзе — суцэльны змрок, за доў­гія гады асела і земляная падлога, і сама будыніна. Адчыніць дубовыя дзверы, ступіць на паўметра ўніз з кошыкам зелля ці вядром мя­шан­кі, не ляснуўшыся галавою аб вушак, удавалася не заўсёды.

Амерыканскую канюшыну з ле­бя­дою ды паданкі насілі ў свіран змал­ку, мяшанку ўжо як у сілу ўва­бра­ліся, шкадуючы дзядулю. Кар­міць «свінства» падабала­ся.

У гэтых жывёлаў цудоўны апетыт, а по­гляд на жыццё самы пазітыўны!

Ужо пачуўшы крокі знадворку, яны го­лас­на вітаюць цябе рохканнем і адзін перад адным лезуць да кары­та так, што могуць і вядро з харчам перакуліць, таму кідаеш спярша шматок зелля, каб адцягнуць іхнюю ўвагу, ці ада­гнаць спрабуеш. Без толку!

Усе лычы і галовы ў мяшанцы! Ядуць так, што ажно вушы варушацца. Умеюць гэ­тыя істоты, як не хто іншы, ца­ніць найлепшыя моманты свайго існавання — сытны абед ды мяккую чыстую пасцелю. На свежай саломе качаюцца, куляюцца, віскочуць! Ха­дзіць па падсцёл, як трохі пасталела, таксама падабалася, асабліва жнівеньскай ночкай да калгасных сціртаў. Па-першае, якая-ніякая прыгода і рызыка, па-другое, ад ад­ной-дзвюх ношак саломы ў бабулі настрой лепшаў, а значыць, не было ахвоты бурчаць з-за позніх нашых пагулянак.

Першая мая свежына надары­ла­ся ў дванаццаць гадоў. Была лютаў­ская адліга, на гравійцы стаяў увесь снег, бацька жартам прапанаваў заадно пасадзіць бульбу, каб два разы не ездзіць.

Тады я толь­кі пазірала на тое, што і як робяць суседка з бабуляю, на скрутак кішак у ноч­вах, вантробы ў тазе ды крывавую ко­наў­ку. Другім разам прыехала па­моч­ні­цаю ўжо, на бабуліна запрашэнне. Бабуля вырашыла, што так будзе лепш: не трэба паіць суседку, даваць ёй мяса, дый робіць яна неахайна.

«Колькі можна пісаць пра гэтыя смаленні вепрукоў ды дзяльбу кабанчыкаў!» — абураюцца некаторыя. Далёкім ад традыцыйнай культуры людзям сапраўды цяжка зразумець, чым гэтая тэма так вабіць. Для гарадскога вяскоўца свежына — адзіная пазбаўленая трагічных колераў экзістэнцыйная з’ява.

Нагода для родзічаў, рас­кі­да­ных па розных гарадах, зноў са­брац­ца ў адну сям’ю, незамыле­ным вокам, па-за будзённымі аб­ста­ві­намі паглядзець на ўласнае жыццё, на тых, хто побач з табою, і зрабіць высновы, часам нечаканыя, часам не надта прыемныя. Бадай усе літаратурныя творы — ад прафесійных апавяданняў да фальклор­ных показак — напісаны пра гэта. У кожнай беларускай сям’і знойдзецца сваяк, адзін ці не­калькі, так ці інакш падобны да персанажа вядомага анекдота, які просіць вясковых родзічаў: «Калі будзеце кабана біць, дык пакіньце мне задні мост. Той ліст, у якім вы прасілі памагчы капаць бульбу, я не атрымаў».

І неабавязкова чакаць хваробаў, хаўтураў ці надзвычайных зда­рэн­няў — дастаткова і памінак белае свін­кі, каб зразумець: падтрымкі ці ахвяры ад такога не дачакаешся, ён разумны толькі ў свой бок, ніколі сябе не абдзеліць.

Калі б у мяне была магчымасць абраць найлепшыя моманты дзяцін­ства і юнацтва, пражыць іх яшчэ раз, я б без су­мне­ваў абрала паездкі на свежыну. Яны надараліся двойчы на год. Успа­міны пра гэтую ўрачыстасць, даўжынёю два-тры дні, яскравыя і шматколерныя, здаецца, тое толькі ўчора было.

Больш як паўдня ў дарозе з не­каль­кімі перасадкамі. Спярша едзем з Магілёва аўтобусам да Ба­бруй­ска праз Кіраўск ці дызе­лем да Асіповічаў, а далей — як пашчасціць. Ужо цёмначы да­бі­ра­емся да Глушы, наперадзе чакае шлях даўжынёю сем кіламетраў па бязлюднай зімовай гравійцы, заснежаны лес, буйныя зоркі ў небе, гул старых соснаў і бацькава заўсёднае: «Мо заспяваем — няхай дома пачуюць!» Спеваком і музыкам ён не быў, але вось калоць і разбіраць свіней умеў добра.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

У сям'і Амельяновічаў гавораць па-беларуску.

У сям'і Амельяновічаў гавораць па-беларуску.

Ягонае жаданне спяваць тлумачылася не столькі наведваннем вакзальных буфетаў, колькі прадчуваннем свайго заўтрашняга зорнага часу: «Я яго швайкаю толькі тах — ён захрыпеў і ўпаў!» Толькі аднойчы, не дачакаўшыся бацькавага прыезду, каб хутчэй было, бабуля папрасіла закалоць кабана Хохлю. Той Хохля зрабіў сваю справу і прыйшоў да стала магарыч піць. А бедны кабанчык узняўся на ногі са швайкаю ў грудзях і стаяў пасярод двара.

Акурат у гэты момант прыбег з аўтобу­са бацька і спыніў пакуты. Пра гэты выпадак ён заўжды памятае і пры кожнай нагодзе нагадвае пра яго іншым, каб таксама не забывалі­ся і цанілі ягонае майстэрства: «Ча­лавек пайшоў ад свінні. У яе такія самыя органы. Я хірург!»

Заходзім у вёску, стукаемся ў хату.

— Хто там? — пытае дзядуля.

— Ішлі, з дарогі збіліся. Пусціце пераначаваць, — жартуе бацька.

— Заходзьце!

Вітаемся, абдымаемся са старымі і дзядзькам. Пасля вячэры мы з ба­бу­ляю сцелем пасцелі, шукаем ба­цьку і дзядзьку адзёжу на заўтра. Бабуля сядзіць на зэдліку, па яе загадзе з шафаў, старых чамаданаў, клункаў на печы выцягваю вялі­кія і малыя штаны рознай якасці і афар­боўкі, з латкамі і без латак, плю­шаў­кі, кухвайкі, нейкія кабаты з драўлянымі гузікамі, белы шах­цёр­скі падшлёмнік, аблавух, суконны брыль з дзіркаю, шкарпэткі парныя і не. Усё мусіць быць зручнае, цёплае і па памеры. Экіпіроўка для свежыны падбіраецца надзвычай адказна, з павольным абмеркаваннем кожнай яе дэталі, нібы размова ідзе пра канцэртныя строі эстраднае зоркі.

Заўтрашнім ранкам ужо напалена печ, стаіць вада ў чыгунах, нетаропкая хада, узважаныя размовы. Мужчыны выходзяць.

Выводзіць кабана з катуха ў двор дзядуля. А пасля вяртаецца ў хату і плача. Ён ветэран вайны, бачыў кроў і смерць неаднойчы ў ваенны і мірны час.

— Чаго ты? — хвалюецца бабуля.

— Карміў, карміў усё лета, а яны ўзялі і адразу павалаклі.

— Цьфу ты! А ўжо ж, што ім той кабан — здараўцы такія! Знайшоў па чым плакаць, я ўжо думала па­ка­ле­чыў каторага! — зусім нязлосна абураецца бабуля.

Усё-такі яе неспакой, хаця і зрэд­­ку, але меў падставы. Зда­ра­лі­ся часам не­спа­­дзеў­кі. Аднаго разу на­вяз­валі кабана. Дзя­ду­ля падаў дзве вяроўкі, адна была трохі перацёртая, другая — з вузлом, бацька забракаваў абедзве. Дзядуля знайшоў трэцюю, зусім новую, — урэшце навязалі. Кабан туза­нуў­ся — вяроўка вытрымала, а плот не. Разам з калом, да якога быў прывязаны кабан, паляцеў у смароднік. Смароднік, не меншы за тыповы дачны надзел, нагадваў у тыя часы калі не гушчар, дык хмызняк на балоце: разлапістыя старыя кусты смародзінаў і парэчак, ля плоту — дзікія слівы, на мяжы — хмель, ад вуліцы шчэміцца ўсюдыісны бэз.

— Ты чаго кабана не лавіў? — па­пракаў пасля дзядзьку бацька.

— Я стаяў і баяўся, — абяззброіў той сваёй шчырасцю, уратаваўшыся ад далейшых абвінавачванняў.

Выправіў сітуацыю, аказаўшыся героем дня, канечне, бацька.

— Я яго за лапу… Толькі швай­каю — тах, ён за­хры­пеў, і ўсё.

Звычайна абыходзіліся ўсё ж без прыгодаў.

Чорны, абсмалены газавай лям­пай, вялізны кабан ляжыць на шчы­це з дошак. Побач — вядро вады. Кі­руе працэсам бацька. Каб ад­чу­ваць сябе зоркаю і пе­ра­мож­цам, яму не трэба сусветная вя­до­масць, дастаткова і чатырох сваякоў.

— Скрабіце лепш… Ліні вады… Ды не пад ногі! Ваісціну сказана: услуж­лівы дурак апаснейшы за врага!..

Кроў на снезе. Водар абсмаленай скуркі. Плойма вясковых ка­тоў у чаканні спажывы. Дзіўна: гэ­тая заколатая істота зусім не атаясамліваецца з парасяткам, якому я ўлетку амарыканскую канюшыну цягала.

Не плачацца. Настрой святочны.

Вёска Паплава Навагрудскага раёна.

Вёска Паплава Навагрудскага раёна.

Мужчыны бяруць у хлеў вяроўку.

Мужчыны бяруць у хлеў вяроўку.

Сына выпраўляюць прыбраць снег з падворку.

Сына выпраўляюць прыбраць снег з падворку.

Апошняя дарога таго, каго любілі і гадавалі. Сялянскае жыццё…

Апошняя дарога таго, каго любілі і гадавалі. Сялянскае жыццё…

Свінку перакідваюць на спіну.

Свінку перакідваюць на спіну.

Свіней традыцыйна білі швайкай (тонкім доўгім шылам) або нажом.

Свіней традыцыйна білі швайкай (тонкім доўгім шылам) або нажом.

Старэйшыя дачышчаюць тое, што недарабіў сын.

Старэйшыя дачышчаюць тое, што недарабіў сын.

Свінку смаляць, каб у сала была мяккая і смачная скурка.

Свінку смаляць, каб у сала была мяккая і смачная скурка.

Свінку смаляць, каб у сала была мяккая і смачная скурка.

Свінку смаляць, каб у сала была мяккая і смачная скурка.

Малы назірае і вучыцца.

Малы назірае і вучыцца.

…і абскрэбваюць нажом.

…і абскрэбваюць нажом.

Абсмаленую свінку ашпарваюць варам…

Абсмаленую свінку ашпарваюць варам…

Снежная бель. Вёска Паплава.

Снежная бель. Вёска Паплава.

Пакуль не пачалі разбіраць і насіць вантробы ў хату. Кручуся побач: то вады прынясу, то анучу, то конаўку. Нават паспяваю зляпіць са снегу свінячую галаву і паставіць яе высока на вароты. Атрымліваецца нешта накшталт помніка.

Апошняя дарога — з-пад хлява да хаты.

Апошняя дарога — з-пад хлява да хаты.

Бабуля пытае, на колькі пальцаў у кабана сала, і неўзабаве кліча сабе на падмогу.

Абіраем здор з сеткі. Пасля раз­во­дзім кішкі ў ночвах. Гэтая праца патрабуе спрактыкаванасці, піль­на­сці і добрых вачэй, каб не парваць кішку. Але час ад часу ўсё адно рвецца, тады бабуля загадвае то патрымаць, то завязаць, іначай усё заплыве і не будзе ніякіх каўбасаў.

Мужчыны спраўляюцца разабраць свінчо да таго, як звечарэе.

Збіраемся за стол на бяседу. Патэльня сала з мясам, патэльня падпечанае крыві, пячонкі і мазгоў.

Мяса смажыць заўжды бацька.

— Чорт цябе ведае, што ты з ім робіш, чаруеш мусіць, так смачна вы­ходзіць! — падхвальвае дзядзька.

Яно сапраўды смачнае, не калгаснае, вадой з камбікормам кормленае, сала, што масла, само ў рот просіцца. Скрутак тоненькай, высмаленай скуркі ў шклянцы.

Сям'я Амельяновічаў збірае старыя гадзіннікі.

Сям'я Амельяновічаў збірае старыя гадзіннікі.

Разбіраюць у хаце.

Разбіраюць у хаце.

Свежына.

Свежына.

Скварчаць скваркі.

Скварчаць скваркі.

У снезе на падворку астуджаецца галава.

У снезе на падворку астуджаецца галава.

«Толькі ж во па двары бегала!» — не можа стрымаць сваёй радасці бацька.

Дзякуюць старым, што вы­кар­мі­лі, за сталом напачатку ўсе размовы круцяцца вакол свіней.

— Во ў нас тут колюць, а ў некаторых рэжуць.

— А ў Чавускім раёне ў вуха страляюць!

— Інцярэсна! Як на паляванні!

— Ага, ахота — на ўвесь двор адзін ты і кабан!

Дзядзька з бацькам на ўцеху ін­шым пра­цяг­ва­юць ня­­­зло­сна кпіць адзін з аднаго:

— Ты вурдалак! З кабана кроў піў.

Аднак бацька не крыўдуе за вурдалака, ягоны адказ гучыць ухвалаю кабану і гаспадарам:

— Была б кепская кроў — не піў бы.

Надыходзіць час традыцый­най спрэчкі за найлепшую самагон­ку.

(У часы антыалкагольнага закону купонаў і цукровага дэфі­цы­ту яе не гнаў хіба гультай.) Першым сваё пітво выцягвае дзядзька. У шкляной бутэльцы з-пад пэпсі-колы тырчыць нейкая доў­гая бы­лін­ка.

— На зуброўцы настоена, — з гонарам абвяшчае дзядзька.

— Ты гэтую травіну пад плотам знайшоў! — пасміхаецца бацька і да­стае сваю.

— Тваю самагонку лянівая цешча гнала, — падколвае ў адказ дзядзька.

Бабуля не п’е зусім, у яе ціск, яна суддзя ў гэтай спрэчцы. Бярэ на язык адзін і другі напой. Пасля загадвае мне:

— Ліні мне, унучка, на руку і пад­палі.

— Табе ж балюча будзе!

— Не бойся!

Дзядзькава занімаецца адразу. Бацькава нешта не падхапілася. Хвалююся за бацьку. Лічу яго найлепшым самагоншчыкам у свеце. Ён з усяго ўмее гнаць: і з павідла, і з падушачак. Яшчэ раз чыркаю запалкай. Успыхвае сіні агеньчык. Ад радасці пляскаю ў ладкі: «Ура! Вы абодва добрыя самагоншчыкі». Бабуля хваліць брагу з кісялю ў пачках. Бацька просіць мяне за­пі­саць рэцэпт. «На адну выварку вады чатыры пачкі кісялю…» — старанна вывожу літары на зялёнай вокладцы сшытка.

Заснежаныя слівы ў месяцовым святле пазіраюць на мяне з чорных вокнаў.

«Колькі ў небе зор, цяжка па­лі­чыць…» — шырокай павольнай ракою разліваецца па хаце аксамітны бабулін голас.

Я сяджу побач з ёю, апранутая ў яе падарунак — шарсцяны спар­тыў­ны касцюм — найлепшы строй для любой нагоды ў тагачас­ных падлеткаў, паспрабуй яшчэ купі! Злу­піў­шы патэльню мяса, адчу­ваю сябе шча­слі­вай, спя­ша­юся наталіцца цеплынёю гэтай халаднаватай хаты.

Бо ўжо цяпер, у свае трынаццаць, разумею: цяплей, як тут, мне больш нідзе не будзе.

А дзеці — рэдкая цяпер радасць — зрабілі сабе пячору са снегу.

А дзеці — рэдкая цяпер радасць — зрабілі сабе пячору са снегу.

Вылазім!

Вылазім!

Мы думалі, там яно адно, а іх двое!

Мы думалі, там яно адно, а іх двое!

Дзядзька з бацькам ідуць адпачываць. А наша з бабуляй асноўная праца толькі пачынаецца. Трэба пачысціць і памыць, папарадчыць усю свінячую стрававальную сістэму. Рабіць гэта адной немагчыма. У школе ужо вучым біялогію, бабуля таксама настаўніца біялогіі і хіміі.

Яна падрабязна распавядае пра адсутнасць апендыксу ў свіней, паказвае сляпую кішку, інакш кут­ні­цу, страўнік, тонкі і тоўсты кі­шэч­нік, тлумачыць, для чаго гэта ўсё трэба свінні і што з гэтым усім зробіць пасля гаспадыня. Ллю ваду зверху, кавалак кішкі выварочваецца як панчоха.

Ранняю вясною падсушаныя каў­ба­сы і салёныя паляндвічкі дзядуля будзе капціць, пасля яны зоймуць сваё ганаровае месца на цвіках у каморы пад самым дахам і захаваюцца да наступнай свежыны.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Апошняя свежына для нашай сям’і выдалася памятнай, ледзь не містычнай. Загадзя ведалі: яна насамрэч апошняя.

Бабуля канчаткова вырашыла больш не гадаваць парсюкоў. Не мучыць сябе і дзяду­лю. Яму было ўжо добра за восем­дзесят. Ёй самой патрабаваўся до­гляд: «Каб у бальніцу легла б, пер­шую групу далі б, але хто мяне ў той бальніцы глядзець будзе!» Бульба пагарэла ўся ў спёку. Старыя запасы сечанкі і мукі, зроб­леныя ў ранейшыя часы, скон­чы­ліся. Тады я ўжо вучылася на дру­гім курсе. На каталіцкія Каляды ка­ло­лі адразу дзвюх свіней, таму пры­ехалі на свежыну і маці, і бацька. Як толькі мы выйшлі з Глушы, па ўсім наваколлі згасла святло. Запалілася толькі на­заў­тра ўвечары, калі заканчвалі мыць кі­шкі. Раніцою збіраліся ў Магі­лёў, шчэ цёмначы, выйшлі на глу­шанскую аўтастанцыю — не пашчасці­ла: ноччу адліга ма­ра­за­мі змяні­ла­ся — страшэнная га­ла­лёдзіца, хоць на кань­ках едзь. Спо­зні­шся на аў­то­бус — да ве­ча­ра ў Ма­гі­лёў не да­бя­рэ­ш­ся. І мы да­ро­гаю лаяліся між сабой, шукаючы ві­на­ва­тага. А ві­на­ва­тых не было. Нібы ней­кая найвышэйшая сіла зрабіла апо­шнюю свежыну знарок працяглай па часе, нібы заклікала нас пачакаць, затрымацца, запом­ніць да драбніц.

«Добра, што збавіліся ад гэтага свінства!»

Ды не, не збавіліся, бабуля, не збавіліся. Снежаньскім адвячоркам, калі я сяджу ва ўні­вер­сі­тэ­це на пары па методыцы пры­ро­да­знаўства, мне хочацца на­пісаць зусім не тое, што прынята чытаць на пасяджэннях нашага літаб'яднання. Пра зіму, па першым часе несапраўдную без свежыны, і бя­го­нію клінападобную ў зялёным кутку кабінета, бо яе пухнатыя з ружо­вымі пражылкамі лісты ўсё больш нагадваюць мне парасячыя вушы. Не забываецца. Дый ці магчыма?

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Вясковыя падворкі — жывыя сховішчы антыкварыяту.

Падкова на сцяне.

Падкова на сцяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?