У Новы год і пераднавагоднія дні з-за звязаных з піратэхнікай траўмаў па меддапамогу звярнуліся больш за 60 чалавек, паведамляе БЕЛТА.

«З 28 снежня па сённяшні дзень па меддапамогу ў выніку прымянення піратэхнікі звярнуліся 64 чалавекі. Гэта даволі вялікая лічба. Амбулаторна аказаная дапамога 46 людзям, 18 чалавек шпіталізаваныя», — праінфармаваў начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук.

Да няшчасця, не абышлося і без траўмаў у дзяцей. Да прыкладу, у Брэсцкай вобласці 11-гадовае дзіця атрымала ірваную рану далоні, таму што спрабавала з запалак зрабіць выбуховы пакет. У 14-гадовага хлопчыка ў руках выбухнула петарда, і ён атрымаў траўмы абедзвюх рук.

Падобны выпадак адбыўся з дзіцём 2004 года нараджэння — яно атрымала тэрмічны апёк далоняў, калі намагалася разрэзаць петарду. Пяцігадовы малы атрымаў апёкі рук, перадплечча і грудной клеткі ў выніку прымянення піратэхнікі, а чатырохгадовы — тэрмічны апёк правага перадплечча (да 5% цела) — у яго трапіў салют.

Прадстаўнікі МНС настойліва просяць не ўжываць феерверкаў і петард у нецвярозым стане і ўважліва сачыць за бяспекай дзяцей пры запуску салютаў і іншай піратэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?