Ад 1 студзеня Каліфорнія стала найбуйнейшым штатам ЗША, у якім легалізавана ўжыванне марыхуаны ў забаўляльных мэтах.

Згодна з законам, які ўступіў у сілу ў першы дзень 2018 года, жыхары штата старэйшыя за 21 год маюць права захоўваць да адной унцыі (28 грамаў) канабісу або вырошчваць у сябе дома да шасці раслін канопляў.

Праціўнікі ўвядзення гэтай нормы сцвярджалі, што яна выкліча рост колькасці выпадкаў кіравання аўто і аварый пад уздзеяннем наркотыкаў, а таксама будзе стымуляваць моладзь ужываць марыхуану.

Жыхары Каліфорніі прагаласавалі за ўхваленне гэтага закону ў лістападзе 2016 года, адначасова з выбарамі прэзідэнта ЗША.

Пасля гэтага заканадаўцы распрацавалі цэлы шэраг падаткаў і правілаў, якія рэгулююць продаж наркотыку.

Крытыкі закона кажуць, што бюракратычныя складанасці могуць заахвоціць прадаўцоў і спажыўцоў канабісу заставацца на чорным рынку. На дадзены момант толькі некалькі дзясяткаў крамаў атрымалі дазвол на продаж такога тавару.

Акрамя таго, улады Лос-Анджэлеса і Сан-Францыска атрымаюць права накладаць дадатковыя санкцыі на любую кропку продажу марыхуаны.

Эксперты прадказваюць, што з часам гэты бізнэс можа прынесці велізарныя даходы ў адным з найбагацейшых штатаў краіны.

У 1996 годзе Каліфорнія першай з амерыканскіх штатаў легалізавала марыхуану ў медыцынскіх мэтах.

Гадавы зварот чорнага рынку канабісу ў ЗША складае 5,1 млрд даляраў, а ў выпадку яго легалізацыі можа вырасці да 5,8 млрд да 2021 года.

Легальныя пакупнікі марыхуаны на новым рынку цяпер будуць вымушаныя плаціць рэгіянальныя, муніцыпальныя і гандлёвыя падаткі, якія, як чакаецца, складуць каля 1 млрд даляраў у год.

Ужыванне марыхуаны будзе забаронена ў грамадскіх месцах і бліжэй за 300 метрах ад школ, а таксама пры кіраванні аўтамабілем.

На сённяшні дзень марыхуана легалізаваная ў шасці амерыканскіх штатах. Федэральныя ўлады ЗША па-ранейшаму ўспрымаюць марыхуану як забароненае наркатычнае рэчыва і ставяць яе ў адзін шэраг з гераінам і какаінам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?