Рэспубліка Карэя прапануе КНДР правесці перамовы на высокім узроўні 9 студзеня ў пункце Пханмунджом у дэмілітарызаванай зоне паміж дзвюма дзяржавамі. Пра гэта заявіў міністр па справах нацыянальнага аб'яднання Рэспублікі Карэя Чо Мен Гюн, паведамляюць інфармагенцтвы.

Напярэдадні лідэр КНДР Кім Чэн Ын у звароце да народа пажадаў поспеху зімовай Алімпіядзе ў Пхенчхане і выказаў надзею на ўдзел у ёй паўночнакарэйскіх спартсменаў.

Па словах Чо Мен Гюна, у сувязі з гэтым у Сеуле вырашана прапанаваць Пхеньяну сустрэчу высокапастаўленых прадстаўнікоў для паляпшэння адносінаў. «Мы чакаем, што Поўдзень і Поўнач змогуць абмеркаваць як пытанне ўдзелу паўночнага боку ў Алімпіядзе ў Пхенчхане, так і іншыя пытанні, якія тычацца паляпшэння адносін паміж Поўднем і Поўначчу», - адзначыў міністр.

У апошні раз дыялог на ўзроўні намеснікаў міністраў КНДР і Рэспублікі Карэя прайшоў у снежні 2015 года.

Сітуацыя на Карэйскім паўвостраве абвастрылася ў канцы лістапада 2017 года. Тады КНДР выпрабавала міжкантынентальную балістычную ракету новага тыпу «Хвасон-15». Па выніках пуску было абвешчана, што яна можа несці ядзерную боегалоўку, а ў зоне яе дасяжнасці знаходзіцца ўся тэрыторыя ЗША.

У адказ на гэта Савет Бяспекі ААН аднагалосна прыняў рэзалюцыю аб узмацненні жорсткасці санкцый у дачыненні да КНДР. Дакумент уводзіць новыя абмежаванні на пастаўкі Пхеньяну сырой нафты і прадуктаў нафтаперапрацоўкі, а таксама патрабуе ад усіх краін на працягу 24 месяцаў выслаць працоўных мігрантаў з КНДР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0