Каб у святочныя дні ніхто не застаўся без падарункаў, выдавецтва «Галіяфы» зрабіла зніжкі на ўсе кнігі да 50%! Зніжкі дзейнічаюць да 1 студзеня і распаўсюджваюцца на пакупку кніг на сайце halijafy.by і ў кнігарні на Нямізе, 3 (цокальны паверх, бокс 66).
Мінімальную зніжку 5% можна атрымаць па промакоду «белыястаронкі»(зніжкі не сумуюцца). А каб выбіраць падарункі было лягчэй, ніжэй для вас сабраныя кніжныя падборкі.
Найлепшае за год
Кніг, якія на працягу года карысталіся вялікай папулярнасцю сярод нашых чытачоў. Некаторыя кнігі з гэтага раздзелу:
1. Казка «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Льюіс Кэрал
Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі, ужо другое стагоддзе вабіць як дзяцей, якім яна непасрэдна прызначалася, так і дарослых.
У гэтым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам.
2. Раман «Белая муха, убийца мужчин«. Альгерд Бахаревич
Гэты раман — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар'яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
3. Успаміны «Перажытае-незабытае». Вікенцій Мароз
Кніга Вікенція Мароза «Перажытае-незабытае» — гэта не толькі экзістэнцыя асабістага жыцця чалавека з пакручастым лёсам на драматычных зломах беларускай гісторыі, але і жывы выразны адбітак складанага і трагічнага часу, які ўвабраў і жыццё пад Польшчай, і першыя Саветы, і жыццё пад акупацыяй, і вайну, якой аддадзены два з паловай гады, і пасляваенны перыяд з усімі яго калізіямі.
Падарункі да 10 рублёў
Якасная літаратура ў падарунак да 10 рублёў. А ўлічваючы тое, што на сайце halijafy.by і ў краме «Галіяфы» дзейнічаюць зніжкі да 50% на ўсе кнігі, выбар вельмі вялікі!
Некаторыя кнігі з гэтага раздзелу:
1. Раман «Marginalis«. Кірыл Стаселька
Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянне якога ахоплівае больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясяткі краін. Гэта пазл з мноства сюжэтных ліній, філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.
Падзеі ў рамане разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях — па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі…
2. Публіцыстыка «Культура як зносіны». Дамінік Татарка
Кніга «Культура як зносіны» — гэта цэлы шэраг арыгінальных разваг славацкага пісьменніка Дамініка Татаркі пра мастацтва, культуру, палітыку, жыццё.
Творчасць пісьменніка доўгі час была пад забаронай, да сённяшняга дня яго імя згадваецца ў кантэксце барацьбы, супрацьстаяння гвалту, няпраўдзе і несвабодзе.
Дамінік Татарка сфармуляваў канцэпцыю нацыянальнай культуры, заснаванай на архаічных міфах. Культура — гэта зносіны, гэта прастора паразумення, у якой жыве любоў, творчасць і свабода. Гэта месца яднання цела і духа, гэта размова чалавека з самім сабой, з іншым чалавекам, з народам і светам.
3. Раман «Страчаны лёс« Імрэ Кертэс
Нобелеўская прэмія па літаратуры за 2002 год
За гэтую і іншыя кнігі Імрэ Кертэс атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, стаўшы першым вугорскім пісьменнікам — лаўрэатам прэстыжнай прэміі.
Раман вугорскага пісьменніка Імрэ Кертэса «Страчаны лёс» (1975), шмат у чым аўтабіяграфічны, уражвае не так апісаннямі «жахаў» і «пекла канцлагераў», як незвычайнай інтанацыяй аповеду, пазбаўленай пафасу і празмерных эмоцыяў.
Галоўны герой кнігі па-дзіцячы наіўна ўспрымае ўсё, што з ім адбываецца, намагаецца прыстасавацца да варункаў канцлагеру, асвоіцца з дадзеным яму лёсам.
Кнігі ў падарунак дзецям
Маляўнічыя кнігі, якія абавязкова парадуюць маленькага чытача. Некаторыя кнігі з гэтага раздзелу:
1. Комікс «Бортнік Ігнат і скарб пушчы». Томаш Самойлік
У глыбіні старадаўняй Белавежскай пушчы бортнік Ігнат даглядае пчол, якія жывуць у борцях, як рабілі яго прадзеды. Хоць Ігнат жыве ў свеце па-за часам, бег гісторыі не запавольваецца. Над пушчай збіраюцца цёмныя хмары,а спакойнае жыццё ў згодзе са старадаўнімі звычаямі знаходзіцца пад пагрозай.
Ці ўдасца Ігнату зберагчы пушчу і легендарны скарб, схаваны ў яе глушы?
2. Казка «Янка, Шмурдзік, Бухматка і іншыя «. Міхась Зізюк
Чаму малако ў каровы белае і адкуль бярэцца хлеб? Як жывуць пчолы? І нават, як патрапіць на Кудыкіну гору? Хлопчык Янка разам з катом Шмурдзікам знойдуць нясумныя адказы на гэтыя і іншыя дзіцячыя пытанні, а прыгожая беларуская мова прыйдзецца да спадобы ў кожнай сям’і.
Для чытання дарослымі дзецям.
3. Казка «Карлік Нос». Вільгельм Гаўф
У кнігу ўвайшлі дзве цудоўныя казкі выбітнага нямецкага пісьменніка Вільгельма Гаўфа — «Карлік Нос» і «Малады англічанін». Аздобленая малюнкамі беларускіх дзяцей, яна, безумоўна, прынясе радасць маленькім чытачам.
Кнігі ў падарунак сябрам
Кнігі беларускіх пісьменнікаў, кнігі з нобелеўскай і іншымі прэміямі, якія ўражаюць і прымушаюць задумацца.
Некаторыя кнігі з гэтага раздзелу:
1. Фэнтэзі «Князь-ваўкалак». Максім Кутузаў
Людзі звычайна думаюць, што жыццё князя прыемнае і бесклапотнае. Аднак ці яно такое на самой справе? Ці можна назваць бесклапотным жыццё, калі пагроза варожага мяча і здрадніцкага кінжала заўсёды побач? Калі нельга быць упэўненым у тым, хто з’яўляецца сябрам, а хто толькі робіць выгляд?.. Ці можна назваць прыемным жыццё, калі ты ім не валодаеш? Калі ты не можаш зрабіць ніводнага кроку без згоды тваіх дарадчыкаў? Жыццё князя можа быць і вельмі цікавым ды насычаным, калі яму пашанцавала і ён нарадзіўся ваўкалакам. У гэтым выпадку перад ім адкрываюцца зусім іншыя магчымасці. Галоўнае — ведаць, як імі скарыстацца…
2. «Шоу працягваецца» Сяргей Пляскач
Сучасная беларуская правінцыя. Начальства па-ранейшаму практыкуе савецкія метады кіравання: імкнецца кантраляваць не толькі ўсе сферы грамадскага жыцця, але і кожнага чалавека асобна. Расчараваны беспрацоўны настаўнік Мірановіч жадае толькі, каб яго не заўважалі і не перашкаджалі корпацца ў бульбе. І, натуральна, менавіта ён апынаецца ў эпіцэнтры падзей…
3. Раман «Ноч цмока». Валеры Гапееў
Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Кнігі ў падарунак калегам
Кнігі рознага жанру і на любы густ. Некаторыя з гэтых кніг падпісаны аўтарамі, беларускімі пісьменнікамі, і знаходзяцца ў краме «Галіяфы». Таму, калі будзеце набываць кнігі на Нямізе, 3, майце на ўвазе:)
Некаторыя кнігі з гэтага спісу:
1. Раман «Зіма Гюнтэра». Маркас Хуан Мануэль
Раман «Зіма Гюнтэра» перапісваўся аўтарам дзесяць разоў цягам трынаццаці гадоў. У тэксце па-майстэрску спалучаюцца авангардныя літаратурныя тэхнікі і рысы постмадэрнізму, ад плыні свядомасці Джойса ды Фолкнера да поліфанічнага дыялогу і карнавалізацыі Бахціна.
«Зіма Гюнтэра» — адкрыты раман, у якім пераплецены дэтэктыўная інтрыга, ода каханню, сацыяльная сатыра, глыбокі роздум аб гістарычных каранях парагвайскай нацыі ды іранічны погляд, не пазбаўлены гумару і эратызму, на парадоксы нашага часу.
Падарожнічаючы разам з халодным эканамістам Гюнтэрам, немцам па крыві, але парагвайцам па нараджэнні, ды ягонай пекнай жонкай, мулаткай Элісаю Лінч, чытач трапіць у апраметную паўднёваамерыканскай ваеннай дыктатуры, дзе адзіная надзея на збавенне — непераможны ідэалізм моладзі.
2. Паэзія «Фарбы душы». Яніна Пінчук
Паэзія Яніны Пінчук — лёгкая, паветраная, летуценная, поўная яркіх фарбаў, прыемных водараў і квяцістых вобразаў. Аўтарка бачыць свет вачыма мастака, малюючы пейзажы не толькі любых ёй гарадоў, але і сваёй душы.
3. «З дазволу караля і вялікага князя» Леў Казлоў
Беларуская гісторыя ў анекдотах і малюнках. З прадмовай Уладзіміра Някляева.





