Многія акаўнты, з якіх адпраўляліся паведамленні ў падтрымку прэзідэнта Расіі з хэштэгам #ПутинКрут Укантакце, належаць памерлым людзям. Яны былі ўзламаныя. Пра гэта паведамілі тэлеканалу «Дождь» у прэс-службе сацыяльнай сеткі.

«Названыя акаўнты былі ўзламаныя, служба мадэрацыі сацыяльнай сеткі аператыўна заблакавала старонкі пры выяўленні», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Укантакце.

Раней пра тое, што паведамленні ў падтрымку Пуціна адпраўляліся з акаўнтаў памерлых людзей, паведаміла выданне Znak.com. На гэта звярнулі ўвагу карыстальнікі сацсеткі. Змест усіх паведамленняў быў падобны — постар з выявай Пуціна і яго цытатай з вялікай прэс-канферэнцыі, якая прайшла 14 снежня, і набор хэштэгаў.

Znak.com, у прыватнасці, звярнуў увагу на старонку Людмілы Брыкавай. У апошні раз сябры публікавалі запісы на яе старонцы ў 2013 годзе. З гэтай старонкі апублікавалі як мінімум два паведамленні з аднолькавым зместам — постар з Пуціным і набор хэштэгаў — у дзвюх розных суполках Укантакце. Пасля гэтага на старонцы Брыкавай напісалі, што жанчына памерла ў 2013 годзе.

Выданне сцвярджае, што паведамленні з хэштэгам # ПутинКрут — гэта флэшмоб, арганізаваны з мэтай звярнуць увагу на прэс-канферэнцыю кіраўніка дзяржавы. У правым куце постараў з яго цытатамі можна пабачыць лагатып «Маладой гвардыі Адзінай Расеі». Прэс-сакратар арганізацыі на пытанні пра сувязь з флэшмобам не адказала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0