У мінулым годзе 15-гадовая Маргарыта пазнаёмілася на сайце знаёмстваў з 28-гадовым Сяргеем. Яна свайго ўзросту не хавала, але мужчына пачаў рабіць ёй непрыстойныя прапановы, — паведамляе «Вячэрні Бабруйск». Маргарыта «гульню» падтрымала, запрасіла мужчыну ў Бабруйск, а там перадала яго ў рукі праваахоўнікаў. Цяпер Сяргей знаходзіцца ў калоніі.

ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

Маргарыта распавяла, што яе прымусіла пайсці на такі ўчынак. Паводле яе словаў, яе заўсёды шакавалі гісторыі пра тое, як дарослыя людзі зводзяць дзяцей.

«Я прачытала, што ў Расеі самі дзеці і падлеткі ловяць педафілаў, ёсць нават спецыяльныя рухі і групы. І вырашыла паспрабаваць», — кажа яна.

Маргарыта зарэгістравалася на сайце знаёмстваў mamba.ru. Хацела пазначыць у анкеце свой рэальны ўзрост, але адміністратарамі ўстаноўлена абмежаванне: з 18 гадоў. Тады яна дадала пару гадоў. На старонцы дзяўчына размясціла фатаграфію толькі свайго твару, каб спецыяльна не правакаваць «паляўнічых».

У той жа дзень дзяўчына атрымала паведамленне ад 28-гадовага Сяргея з Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці: «Ты такая прыгожая, ты мне падабаешся». Маргарыта адразу папярэдзіла, што ёй 15 гадоў, што вучыцца ў школе. Сяргея гэта не спыніла.

«Ого, маленечкая))). Па фота і не скажаш», — напісаў мужчына. — «Як у цябе на асабістым?».

Паступова ён перавёў размову на інтымныя тэмы. Спытаў, ці быў у яе жыцці сэкс, якая на ёй бялізна. Выслаў свае інтымныя фатаграфіі і папрасіў дзяўчыну зрабіць тое ж самае. Маргарыта фота не адправіла, адказвала стрымана. Праз некалькі дзён Сяргей папрасіў у дзяўчыны нумар яе тэлефона, па вечарах пачаў тэлефанаваць ёй.

Праз тыдзень ён прапанаваў сустрэцца ў Бабруйску і заняцца сэксам. А каб дзяўчына не баялася, паабяцаў купіць віно і прэзерватывы. Маргарыта пагадзілася. Ва ўмоўлены дзень пайшла на вакзал сустракаць яго. Для падстрахоўкі ўзяла свайго сябра і двух яго таварышаў.

Яны сустрэліся каля крамы «Марцін», недалёка ад вакзалу. Мужчына купіў у краме віно, яны зайшлі на двор і прыселі ля пад'езда на лаўку. Сябры Маргарыты, якія сядзелі побач, падыйшлі да іх і спыталіся, ці ведае Сяргей, колькі ёй год.

Тады мужчына адштурхнуў яго і кінуўся бегчы, хлопцы — наўздагон. Сяргей бег па рэйках, але яго дагналі. Хлопцы патэлефанавалі ў міліцыю і сказалі «Мы злавілі педафіла».

Праваахоўнікі затрымалі Сяргея, вывучылі яго перапіску ў мабільным тэлефоне. Здымкі, якія ён рассылаў розным дзяўчатам, былі накіраваны на мастацтвазнаўчую экспертызу. Эксперты пацвердзілі, што здымкі з'яўляюцца парнаграфічным матэрыялам.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або іх рэкламаванні заведама непаўнагадоваму.

Пазней дадаўся яшчэ адзін артыкул — распусныя дзеянні, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту, у адносiнах да асобы, якая заведама не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. Суд прысудзіў Сяргею 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сяргей афіцыйна жанаты, але з жонкай не пражываў. Прычынай іх сваркі стала менавіта ягоная перапіска з малалетнімі, пра якую жонка даведалася.

Прадстаўнікі Следчага камітэта па Бабруйскім раёне папярэджваюць усіх магчымых паслядоўнікаў Маргарыты і яе сяброў ад паўтарэння такіх дзеянняў, таму што яны небяспечныя для іх здароўя і жыцця, і могуць прывесці да непрадказальных наступстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?