Начальніцу ўпраўлення адвакатуры Мінюста Галіну Грышкавец і яе намесніцу Наталлю Беразоўскую затрымалі ў 2013 годзе ў працоўным кабінеце. Чыноўніц абвінавацілі ў хабарніцтве — яны дапамагалі рыэлтарам з агенцтваў нерухомасці праходзіць экзамен і атрымліваць ліцэнзію.
Больш за паўтара года жанчыны правялі ў СІЗА. У 2015 годзе адбыўся суд: Наталля Беразоўская атрымала 4 гады пазбаўлення волі і штраф памерам 54 мільёны недэнамінаваных рублёў (яе начальніца Галіна Грышкавец атрымала 8 гадоў і штраф 108 мільёнаў).
Наталля Беразоўская
Беразоўская ўжо знаходзіцца на волі. Як стала вядома «Нашай Ніве», яна ўладкавалася юрыстам у сталічнае агенцтва нерухомасці «Сільван». На працягу пяці гадоў пасля вызвалення экс-чыноўніца не мае права займаць кіруючыя пасады.
«Наша Ніва» звязалася з Беразоўскай, але тая адмовілася ад каментароў. У «Сільване» таксама нічога не каментуюць.
Нагадаем, што Беразоўскую і Грышкавец звязвалі з ціскам на незалежных адвакатаў пасля Плошчы-2010 і арганізацыяй пазачарговых атэстацый адвакатаў.





