Жыву ў Ірландыі і цікаўлюся моўнай тэмай. Вось мае назіранні.
Так, дзяржава вельмі падтрымлівае ўжыванне ірландскай мовы, выдаткоўваюцца вялікія сродкі на яе пашырэнне. Ёсць ірландскамоўны тэлеканал, радыё і інтэрнэт-рэсурсы. Шыльды, надпісы практычна ва ўсіх грамадскіх месцах дублююцца па-ірландску. Лісты з усіх устаноў прыходзяць на дзвюх мовах. Калі тэлефануеш у любую дзяржаўную ўстанову, ёсць выбар моў.
Дзейнічае 20-гадовая праграма, накіраваная на пашырэнне ірландскай мовы ў паўсядзённым жыцці. Ёсць раёны, дзе па-ірландску размаўляюць, але ў працэнтных суаносінах гэта вельмі невялікая лічба.
На вуліцах гарадоў (была ва ўсіх буйных і шмат якіх мястэчках) чыстую ірландскую я не чула ні разу. Дэкаратыўна, бывае,што ўжываецца, напрыклад, у пачатку прамовы вітанне і ў канцы — «усяго вам добрага» па-ірландску.
У школе ірландская — гэта абавязковы прадмет, вывучаецца з самага першага і да апошняга дня, і, калі здаеш выпускныя экзамены па-ірландску, атрымліваеш дадатковыя балы.
Ірландцы наракаюць на неэфектыўнасць выкладання мовы, таму што большасць выпускнікоў мовай свабодна не валодаюць.
У вышэйшай адукацыі ірландская займае вельмі і вельмі сціплае месца, ведаю толькі адну ВНУ, дзе частка прадметаў выкладаецца па-ірландску.
Бізнэс па-ірландску — асабіста не сустракала ні разу.
Мову ў цэлым паважаюць як спадчыну, але ў практычным выкарыстанні ў яе вельмі і вельмі абмежаваны арэал. Ёсць штосьці падобнае да нашай трасянкі, калі ў маўленні перасыпаюць паміж звыклай англійскай некалькі ірландскіх слоўцаў.
Каб мова рэальна распаўсюджвалася, на мой погляд, трэба, каб была пераемнасць. Спачатку, у школе трэба выкладаць яе як мову, прыдатную для зносінаў, а не як прадмет кшталту лаціны. Па-другое, пашыраць яе ўжыванне ў вышэйшай адукацыі. І, галоўнае, потым ужываць яе ў жыцці, у камерцыі, а ў гэтым пакуль зацікаўлена вельмі і вельмі мала людзей.
Моцна ўскладняе сітуацыю тое, што з маленства ірландцы размаўляюць на адной з самых пашыраных у свеце моваў — гэта проста, зручна і практычна. Спажывецкія адносіны праяўляюць сябе напоўніцу — навошта прыкладаць столькі высілкаў на вывучэнне вельмі адрознай і складанай мовы, практычнае выкарыстынне якой сёння амаль зводзіцца да нуля?
Так і жыве ірландская мова як аздабленне, рэліквія, а не як сродак зносінаў.





