Былы дзяржаўны чыноўнік, а сёння начальнік Навукова-даследчага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Леў Крыштаповіч на сайце eurasia.expert выказаўся наконт моўнай палітыкі ў Беларусі.

«Я лічу, што чалавек павінен мець магчымасць гаварыць на той мове, на якой ён хоча, найбольш звыклай для яго, і якую ён лічыць роднай.

Сітуацыя ў Беларусі абсалютна ясная: руская (і гэта фіксуюць сацыялагічныя даследаванні) з'яўляецца не проста нейкай другой мовай у адносінах да беларускай — гэта родная мова. Таму няма ніякай прынцыповай розніцы, на якой мове мы будзем размаўляць — на беларускай ці рускай», — сказаў Крыштаповіч.

Ад 2008 да 2014 года Леў Крыштаповіч з’яўляўся намеснікам у Інфармацыйна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі прэзідэнта. Толькі з прыходам новага дырэктара Аляксея Дзербіна Крыштаповіч страціў сваю пасаду.

Доктару філасофскіх навук Льву Крыштаповічу 68 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пекалін Смалявіцкага раёна. Скончыў гістфак БДУ. Аўтар кніг: «Беларусь як руская святыня», «Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства».

Крыштаповіч прытрымліваецца заходнерусісцкіх поглядаў, якія ўважаюць рускіх, беларусаў і ўкраінцаў адным народам. З’яўляецца ўдзельнікам праекта «Заходняя Русь», сталы аўтар сайта zapadrus.su.

За час працы ў ІАЦ Крыштаповіч запомніўся крытыкай праграмы Міністэрства культуры «Замкі Беларусі», якая мела на мэце аднаўленне страчанай архітэктурнай спадчыны. Крыштаповіч жа зазначыў, што «магнаты Радзівілы, Сапегі, Агінскія не маюць нічога супольнага з беларускай ментальнасцю», а гісторыю ВКЛ варта выкінуць «на звалку гісторыі».

Некалькі гадоў таму Леў Крыштаповіч атрымаў ордэн Дружбы ад Уладзіміра Пуціна за вялікі ўклад ва ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва з Расіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?