Урад Расіі пашырыў спіс харчовых тавараў, забароненых да ўвозу ў краіну. Пра гэта гаворыцца ў пастанове, апублікаванай на афіцыйным сайце ўрада. У дакуменце сцвярджаецца, што «уведзеныя абмежаванні не адаб'юцца на забеспячэнні ўнутраных патрэбаў Расіі», паведамляе DW.
Згодна з пастановай, да канца 2018 года забаронены ўвоз жывых свіней і свежых, астуджаных або замарожаных харчовых субпрадуктаў буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, коз, коней, аслоў, мулаў або кабыл, а таксама пастаўкі жывёльнага масла. Забарона распаўсюджваецца на краіны ЕС, ЗША, Канаду, Аўстралію і Нарвегію, Украіну, а таксама Албанію, Чарнагорыю, Ісландыю і Ліхтэнштэйн.
Раней забароны на пастаўкі ў Расію жывых свіней уводзіў Рассельгаснагляд пад падставай распаўсюджвання ў шэрагу еўрапейскіх краін афрыканскай чумы свіней.
Прадуктовае эмбарга дзейнічае ў Расіі са 7 жніўня 2014 года ў адказ на санкцыі ЗША, ЕС, Аўстраліі, Нарвегіі і Канады, уведзеныя з-за расійскага ўмяшання ў канфлікт на ўсходзе Украіны. За апошнія два гады ў Расіі было знішчана 17 тысяч тон санкцыйных прадуктаў.





