Ва Украіне затрымалі 29-гадовага грамадзяніна Расіі і яго знаёмую, грамадзянку Беларусі, якія перавозілі ў сваім аўтамабілі 2,6 кілаграма гераіну.
Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Кіеўскай вобласці, затрыманым пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі згодна з артыкулам 307 Крымінальнага кодэкса Украіны.
Наркатычныя рэчывы накіраваныя на экспертызу, а следчыя высвятляюць адкуль і куды перапраўляўся гэты груз, а таксама функцыі, якія выконвалі кожны з затрыманых.
«Цяпер затрыманыя знаходзяцца ва ўпраўленні паліцыі Ірпеня, а пазней суд мае абраць для іх форму стрымання. Мы будзем настойваць на іхным арышце», — сказаў спікер паліцыі Кіеўскай вобласці Мікола Жуковіч. У той жа час ён адмовіўся ўдакладніць прозвішча беларускай грамадзянкі.





