Ганна Бахціна спрабуе вярнуць адвакацкую ліцэнзію. Бахціну, адвакатку з 25-гадовым стажам, Мінюст пазбавіў ліцэнзіі пасля пазачаргавой аттэстацыі ў верасні, пастанавіўшы, што ёй «не хапае кваліфікацыі».
Ганна Бахціна
Сама Бахціна ўспрымае сітуацыю з пазбаўленнем ліцэнзіі як пераслед, звязаны з палітыкай. Раней яна абараняла шэраг фігурантаў гучных палітычных спраў: блогера Эдуарда Пальчыса, фігуранта «Справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага, былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Цяпер Ганна Бахціна спрабуе адстаяць свае правы ў судзе.
Сама Бахціна ў добрым гуморы. Кажа так: «Я ў свае сілы веру. І спадзяюся на перамогу».
Разглядае справу суд Маскоўскага раёна Мінска.
Бахціна паведаміла суддзі, што просіць далучыць да матэрыялаў справы артыкул з газеты «Народная воля», прысвечаны той атэстацыі. У артыкуле была гутарка з намеснікам міністра юстыцыі Мікалаем Старавойтавым. Праўда, суд хадайніцтва Бахцінай адхіліў.
Нагадаем, што Мінюст праверыў Бахціну, пасля паведамлялася, што яна не магла адказаць на пытанні, а пасля і ўвогуле адмаўлялася адказваць.
У сваю чаргу, Ганна Бахціна кажа, што падчас атэстацыі адчувала сябе кепска, мела праблемы са здароўем. Плюс — у атэстацыйным лісце не паведамлялася матывацыя рашэння камісіі, таму яна адмовілася яго падпісваць.
Падчас атэстацыі Бахцінай ставілі ў віну, што яна не ведае апошніх зменаў у заканадаўстве.
«Я лічу, што адвакат не павінен быць камп’ютэрам ці энцыклапедыяй. Я ніколі не баялася, што чагосьці не ведаю, бо адвакацкая праца якраз і заключаецца ў тым, каб удакладніць, праверыць, вывучыць і выкарыстаць адпаведную інфармацыю пры патрэбе», - заявіла ў судзе Ганна Бахціна.
Акрамя таго, яна адмовілася адказваць на пытанні камісіі, бо прыняла лекі і ёй цяжка было гаварыць, а не таму, што «не захацела», падкрэсліла Бахціна.
Цiкава, што пра сваё выключэнне з Мінскай калегіі адвакатаў Бахціна даведалася толькі на пасяджэнні суда — ад прадстаўніц Мінюста.





