Расійскі верталёт, на борце якога знаходзіліся восем чалавек, упаў у мора недалёка ад архіпелага Шпіцберген, паведамляе ВВС са спасылкай на выратавальную службу Паўночнай Нарвегіі.

«Верталёт накіроўваўся з паселка Піраміда ў Баранцбург. Ён знік з радараў каля 15:35 па мясцовым часе, у 15:45 было пацверджанае крушэнне», — гаворыцца ў паведамленні службы ў твіаэры.

Верталёт пацярпеў крушэнне за 2-3 кіламетры ад Баранцбурга. Як паведамілі выданню Dagbladet у выратавальнай службе, гаворка ідзе пра верталёт МІ-8. Да месца яго крушэння накіроўваюцца два выратавальныя судны і верталёт.

На дадзены момант няма інфармацыі пра лёс людзей, якія знаходзіліся на борце верталёта. Генконсульства Расіі ў Баранцбургу правярае інфармацыю аб катастрофе.

Частку гаспадарчай дзейнасці на архіпелагу згодна з яго асаблівым статусам ажыццяўляе Расія, у асноўным гэта здабыча вугалю. Ёй займаецца ФГУП «Арктикуголь».

Ананімная крыніца агенцтва «Інтэрфакс» выказала здагадку, што верталёт мог перавозіць вахтавікоў кампаніі «Арктикуголь». «Верталёт, папярэдне, з васьмю вахтавікамі-расіянамі пацярпеў крушэнне ў тэрытарыяльных водах Нарвегіі паблізу Шпіцбергена», — сказала крыніца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0