На міжнародным сэрвісе па браніраванні жылля Booking можна знайсці самыя дарагія прапановы для Мінска. Чым яны адметныя?
Найдаражэйшы варыянт — гасцявы віп-дом у Раўбічах.
Плошча дома — 700 квадратных метраў. Прапануюць спа, трэнажорную залу, басейн.
У доме 6 спальняў. Участак на беразе Раўбіцкага вадасховішча ўключае нават кавалак пляжу. Плошча ўчастка — больш за 20 сотак.
За ноч у такім доме давядзецца заплаціць амаль $1700 за суткі. Прычым за сняданак трэба будзе даплаціць асобна!
Наступны варыянт — віла «Каменная горка».
Будынак знаходзіцца за МКАД. Наведвальнікам прапануюць трэнажорную залу, саўну, турэцкую баню хамам і крыты басейн.
У доме тры спальні, пяць санвузлоў, каскадны вадаспад.
Агульная плошча дома — 350 квадратных метраў, участка — 15 сотак.
Абыйдзецца адпачынак амаль у $1500 за суткі. Калі браніраваць праз беларускі сайт, кошты ніжэйшыя — $1100. Чым даўжэйшы тэрмін арэнды, тым выходзіць танней.
Прыкладна такія ж кошты і на суткі ў віле «Тарасава».
Там падарожнікам прапануюць спыніцца ў доме з той жа плошчай (350 метраў) і на такім жа ўчастку (15 сотак). Ёсць басейн.
Знаходзіцца жыллё ў пасёлку Тарасава, таксама за МКАДам.
Гэтыя вілы папулярныя не толькі сярод турыстаў, але і сярод беларускіх селебрыці. Фоткі свайго адпачынку адтуль выкладвала, напрыклад, Валерыя Мацвеенка — дзяўчына літоўскага футбаліста Фёдара Чарных, які цяпер гуляе ў Польшчы, а раней выступаў за беларускія клубы «Днепр» і «Нафтан».
Дзеліцца фотаздымкамі адпачынку на віллах і тэлевядучая і мадэль Каця Коба.
Бавіла там час і мадэль, ураджэнка Брэста Вольга Грыбоўская.
Бізнэсам па арэндзе катэджаў з касмічнымі цэнамі валодае мінчанка Наталля Калджы.
Акрамя трох катэджаў, Калджы здае яшчэ і кватэру ў доме Чыжа, плошчай 150 метраў. Але яна каштуе танней — «усяго» $500 за суткі.
Па непацверджанай інфармацыі, муж Наталлі — турэцкі бізнэсмен.
Расказваць «Нашай Ніве» пра паспяховасць свайго бізнэсу Наталля Калджы не захацела.





