Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці завяло крымінальную справу аб замаху на забойства двух асоб у дачыненні да асуджанага Уладзіслава Казакевіча, што год таму здзейсніў напад з бензапілой у ГЦ «Еўропа», паведамілі БелТА ў Следчым камітэце.

Крымінальная справа заведзена па ч.1 арт.14, п.1, 10 і 16 ч.2 арт.139 (замах на забойства двух асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовых абавязкаў асобай, якая раней учынiла забойства).

На першапачатковым этапе следствам устаноўлена, што 12 кастрычніка каля 10.40 ў папраўчай калоніі №17 Шклова для праверкі аператыўнай інфармацыі аб наяўнасці забароненых прадметаў у памяшканні камернага тыпу асуджаны Уладзіслаў Казакевіч быў выведзены з камеры для дагляду і далейшай прагулкі.

«Пры правядзенні надгляду асуджанага з дапамогай металадэтэктара ўстаноўлена, што ў яго ў левым рукаве знаходзіцца металічны прадмет. Пасля каманды кантралёра «заставацца ў становішчы для вобшуку» Казакевіч выхапіў з левага рукава нож, якім спрабаваў нанесці ўдар у вобласць грудной клеткі аднаму з супрацоўнікаў калоніі, — распавялі ў СК. - Апошні ужыў прыёмы самаабароны, але зняволены паспеў параніць другога кантралёра, прычыніўшы яму колатыя раны галавы. Супрацьпраўныя дзеянні Казакевіча былі спынены супрацоўнікамі калоніі. Пацярплелы шпіталізаваны».

У ходзе допыту Казакевіч растлумачыў следчаму, што хацеў здзейсніць забойства начальніка калоніі, каб адпомсціць за прымяненне дысцыплінарных пакаранняў.

«Уладзіслаў Казакевіч у дадзены момант знаходзіцца ў штрафным ізалятары», — паведаміў tut.by прэс-сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

У ведамстве ўдакладнілі: жыццю і здароўю ўсіх супрацоўнікаў, якія прысутнічалі пры гэтым інцыдэнце, нічога не пагражае. У тым ліку няма пагрозы жыцця параненаму кантралёру.

Месяц таму родныя Казакевіча паведамілі журналістам, што з першага дня ў калоніі сына вызначылі ў штрафны ізалятар, і гэта паўтаралася не раз. Потым перавялі ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу, куды трапляюць за злосныя парушэнні ўнутранага парадку.

Характэрна, што яшчэ падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання (праз пару дзён пасля нападу ў ГЦ) следчыя папярэджвалі: малады чалавек схільны да суіцыду, «па яго сцвярджэнні, хоча быць застрэленым супрацоўнікам праваахоўных органаў», паведамляе tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0