На востраве Лодачны недалёка ад горада Выбарг была пабудаваная новая дача для прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на ўчастку ў амаль 50 га. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Сам дом — гістарычны будынак віла Селгрэна, пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя.

«Прыгожы трохпавярховы дом з тэрасамі, летнія сады, свой прычал. Калі гэтая віла была ў добрым стане, яе выкарыстоўвалі для здымак фільмаў», — распавядае Навальны.

 

Вілу для Пуціна, як сцвярджае «Дождь» у сваім расследаванні, пачалі канструяваць недзе ў 2011-2013 гадах.

«Да будоўлі меў дачыненне Ілля Трабер. Гэта крымінальны аўтарытэт з Пецярбурга 90-х, цесна звязаны з Уладзімірам Пуціным, тагачасным дарадцам мэра горада», — адзначае Навальны.

 

Як сцвярджае расійскі апазіцыянер, участак зямлі, дзе знаходзіцца віла, арандуе Сяргей Рудноў, сын нядаўна памерлага Алега Руднова, якога называюць даўнім сябрам Пуціна.

«Па-другое, зямля пад вілай і іншымі дамамі з 2005 года знаходзіцца ў арэндзе іншага чалавека — Сяргея Калеснікава», — кажа ён.

 

Менавіта Калеснікаў распавёў пра палац Пуціна ў Геленджыку за 1 млрд даляраў, які ён будаваў разам з іншым паплечнікам Пуціна Мікалаем Шамалавым.

Навальны таксама адзначыў, што віла Пуціна на востраве Лодачны ўзмоцнена ахоўваецца.

 

«Да дамоў не падпускаюць нікога. А на ўездзе нават адбіраюць мабільныя тэлефоны, каб не фатаграфавалі. Ну, што так ахоўваюць? Спецаб'екты. І вельмі важныя спецаб'екты. Нават да дамоў і палацаў Мядзведзева можна падысці ўшчыльную», — падкрэслівае ён.

 

Навальны таксама распавядае, што за 5 км да ўезду на тэрыторыю пабудоў ёсць таблічка «База адпачынку «Сібур».

«Ні ў якіх публічных дакументах кампаніі «Сібур» мы гэтую базу адпачынку не знайшлі», — сцвярджае ён.

Сярод уладальнікаў кампаніі ёсць найлепшы сябар Пуціна Генадзь Цімчанка і яго зяць Кірыл Шамалаў.

«Сукупнасць доказаў відавочна паказвае нам на стандартную карупцыйную схему Уладзіміра Пуціна. Яго асабістыя актывы запісваюцца на яго найбліжэйшых сяброў. І гэтыя сябры казачна ўзбагаціліся за апошнія 17 гадоў. І пакуль ім не пагражаюць ніякія антыкарупцыйныя расследаванні», — лічыць расійскі апазіцыянер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0