Па словах мясцовага палеантолага Рэйманда Роджэрса, на адным толькі ўчастку памерам утрая меншым за тэнісны корт яму з калегамі ўдалося ідэнтыфікаваць парэшткі 1200 розных відаў.

Што ж выклікала гэтую масавую гібель? Мяркуецца, што віной усяму магла стаць працяглая засуха, на фоне якой тут праходзілі кароткія, але выключна магутныя залевы. Яны стваралі часовыя патокі вады, зносячы парэшткі памерлых жывёлаў разам і накрываючы іх глеем.

З іншага боку, з гэтым згодныя далёка не ўсе. Становішча костак паказвае, што, хутчэй за ўсё, жывёлы былі пахаваныя там жа, дзе і загінулі. Усё здарылася даволі хутка — невядомы забойца быў аднолькава небяспечны і для лятучых, і для поўзаючых, для драпежнікаў і траваедных.

На штогадовай сустрэчы Таварыства палеанталогіі хрыбетных, якая прайшла нядаўна, была агучаная новая незвычайная версія. Паводле навукоўцаў, выгнутая поза, якую захавалі парэшткі, можа паказваць на перадсмяротныя канвульсіі, а адкладанні карбанатаў — на актыўны рост багавіння. Такое «цвіценне» цалкам здольнае стаць прычынай масавай гібелі жывёл, якія прыходзяць на вадапой ці жывуць у вадзе. Дастаткова сказаць, што дынафлагеляты і цыянабактэрыі вылучаюць саксітаксін, надзвычай небяспечнае злучэнне, смяротнае для чалавека ўжо ў колькасці 0,14 мг.

Напрыклад, у эпоху міяцэну ў моры на тэрыторыі цяперашняе дзяржавы Чылі такое выміранне здаралася не раз: вада з таксічным багавіннем выклікала гібель кітоў і рыб, шкілеты якіх сёння знаходзяцца ў пустыні Атакама. Ёсць падазрэнні, што багавінне стала прычынай утварэння і некаторых іншых багатых палеанталагічнымі знаходкамі месцазнаходжанняў. На жаль, пакуль што прамых доказаў гэтаму — дакладных слядоў багавіння — не знойдзена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?