Беларускай спявачцы Б'янцы забаранілі ўезд ва Украіну 87
R&B-спявачку Б'янку не пусцілі на тэрыторыю Украіны. Пра гэта яна паведаміла ў Instagram. Прадстаўнік украінскай Дзяржпагранслужбы Алег Слабадзян пацвердзіў інфармацыю «Громадське».
Паводле яго слоў, ўезд спявачцы, сапраўднае імя якой Таццяна Ліпніцкая, забаронены на тры гады. Прычынай прымянення такіх мер стала яе наведванне Крыма, піша lenta.ru.
У сацсетцы Б'янка паказала старонку пашпарта са штампам «адмоўлена ва ўездзе ва Украіну». Яна павінна была выступаць у Адэсе 30 чэрвеня. «Тыя, хто даўно сочыць за маёй творчасцю і маім жыццём, ведаюць, што я шэсць гадоў пражыла ў Кіеве, аб'ездзіла ўздоўж і ўпоперак усю Украіну, атрымлівала разнастайныя нацыянальныя прэміі, напісала трэк на ўкраінскай», — напісала яна.
Па словах спявачкі, яна лічыць Украіну сваёй радзімай гэтак жа як Расію і Беларусь. Б'янка дадала, што не мае ніякага дачынення да палітыкі.
Ліпніцкая нарадзілася ў 1985 годзе ў Мінску. Нейкі час яна працавала ў дзяржаўным аркестры сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі. Затым стала эстраднай спявачкай. У 2005 годзе ёй прапанавалі прадстаўляць Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне», аднак яна адмовілася дзеля працы з хіп-хоп выканаўцам Сярогам (яна ўдзельнічала ў запісе яго альбома). Усяго Б'янка выпусціла пяць альбомаў. У 2010-м яна пераехала ў Маскву.