Улады Еўрасаюза абвінавацілі кампаніі Facebook, Google і Twitter у парушэнні правоў спажыўцоў і далі ім месяц на перафарматаванне сваіх паслуг згодна з еўрапейскім заканадаўствам, паведамляе Reuters.
Адзначаецца, што ў снежні 2016 года ЕС абвясціў кампаніі аб тым, што некаторыя з іх умоў карыстання парушаюць закон ЕС аб абароне правоў спажыўцоў. Да прыкладу, быў раскрытыкаваны рэгламент платформаў, згодна з якім пры жаданні падаць на іх у суд грамадзянін ЕС абавязаны накіравацца з гэтай мэтай у ЗША.
Таксама Facebook, Google і Twitter былі абвінавачаныя ў недастатковых намаганнях у барацьбе з махлярствам і махінацыямі на іх сайтах.
Прадстаўнікі кампаній прапанавалі шэраг рашэнняў праблем, якія выклікаюць трывогу ЕС. На канчатковае перафарматаванне паслуг платформам дадзены месяц.





