У ходзе суда над адным з затрыманых за ўдзел у «Маршы недармаедаў» супрацоўнік АМАПа распавёў, што цывільную вопратку — штаны і спартыўны касцюм, у якой сілавікоў заўважаюць на розных акцыях, ім выдае дзяржава, перадае TUT.BY.

У судзе Цэнтральнага раёна разглядалі ўдзел у «Маршы недармаедаў» 29-гадовага беспрацоўнага Арцёма Скарабагатага. Мужчына атрымаў 15 сутак арышту. Ён сцвярджае, што ў «Маршы недармаедаў» наогул не браў удзелу. Між тым амапаўцы Аляксандр Кулеш і Сяргей Куцько, якія выступілі сведкамі на працэсе, заявілі, што бачылі яго там. Прычым затрыманы парушаў закон — ішоў у чорнай масцы. Пры гэтым вялікага заплечніка за спіной маладога чалавека яны не заўважылі, а колер шапкі не запомнілі. Толькі зялёныя штаны.

Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што на акцыі пратэсту працавалі ў цывільным. Пра тое, што малады чалавек парушае закон, яны яму паўтаралі некалькі разоў. Ці ён чуў іх, амапаўцы дакладна не ўпэўненыя.

— Чаму вы не паказалі сваё пасведчанне, каб мой падабаронны зразумеў, што да яго прад'яўляюць патрабаванні менавіта супрацоўнікі міліцыі? — пацікавілася адвакат Аліна Шостак.

— Там было шмат народа, маглі і забраць (пасведчанне), — адказаў сведка Сяргей Куцько.

Яго напарнік Аляксандр Кулеш таксама распавёў, што цывільную вопратку амапаўцам выдае дзяржава.

— Штаны і спартыўны касцюм — гэта ўласнасць дзяржавы. Мне гэтая грамадзянская форма выдаецца, — заявіў сведка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0