Хрысціянскі пастар адкапаў у раёне Кона на ўсходзе Сьера-Леонэ адзін з найбуйнейшых у свеце алмазаў, паведамляе ВВС.
Ілюстрацыйнае фота: Reuters
Каштоўны камень масай 709 каратаў, знойдзены Эмануэлем Момахам, цяпер захоўваецца ў цэнтральным банку Сьера-Леонэ ў сталіцы краіны Фрытаўне.
Гэты каштоўны камень уваходзіць у дваццатку найбуйнейшых алмазаў, вядомых чалавецтву.
У багатых алмазамі раёнах Сьера-Леонэ распаўсюджаная саматужная здабыча.
Пастару ўдалося здабыць самы буйны дыямент у Сьера-Леонэ за апошнія 45 гадоў. Да гэтага, у 1972 годзе там быў знойдзены алмаз вагой 969 каратаў, які атрымаў імя «Зорка Сьера-Леонэ».
Алмаз, знойдзены пастарам, у сераду ўвечары адвезлі прэзідэнту краіны Эрнесту Бай Карома. Кіраўнік дзяржавы «падзякаваў мясцоваму кіраўніку і яго людзям за тое, што яны не вывезлі алмаз з краіны», паведамляе адміністрацыя прэзідэнта.
Прэзідэнт таксама заявіў, што ўладальнікі капальні павінны атрымаць «тое, што ім належыць», а знаходка павінна «прынесці карысць краіне ў цэлым».
Сьера-Леонэ — адна з самых бедных краін свету, але разам з тым яна багатая алмазамі — каштоўныя камяні былі адной з крыніц фінансавання грамадзянскай вайны ў Сьера-Леонэ.
У 2012 годзе міжнародны трыбунал ААН па Сьера-Леонэ прысудзіў былога прэзідэнта Ліберыі Чарльза Тэйлара да 50 гадоў турэмнага зняволення: суд у Гаазе прызнаў яго віну ў падтрымцы паўстанцаў з аб'яднанага Рэвалюцыйнага фронту ў Сьера-Леонэ падчас грамадзянскай вайны 1991-2002 года.
У падзяку за падтрымку, паводле версіі абвінавачвання, паўстанцы перапраўлялі Тэйлару і яго атачэнню алмазы, якія з прычыны іх паходжання прэса назвала «крывавымі».





