У прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Парыжы адбыўся выбух, адзін чалавек паранены, паведамляе ВВС.
Getty
Паводле папярэдніх звестак, бомба была закладзеная ў невялікі паштовы канверт, пра гэта паведамляе французская паліцыя. Як удакладняюць AFP і BFM TV, лёгкія раненні твару і рук атрымала супрацоўніца фонду, якая яго адкрыла.
AFP адзначае, што ў канверце, паводле папярэдніх даных, магла быць петарда. Адказнасць за выбух узяла на сябе грэчаская леварадыкальная групоўка «Змова пажарных».
Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд назваў здарэнне тэрактам.
У якасці меры засцярогі з офіса МВФ на авеню Ена ў XVI акрузе Парыжа эвакуявалі некалькіх супрацоўнікаў. На месцы здарэння працуюць паліцэйскія.
МВФ разам з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім цэнтральным банкам (ЕЦБ) дапамагаў грэчаскаму ўраду пасля таго, як ён наблізіўся да дэфолту па сваіх даўгах.
Напярэдадні ў міністэрстве фінансаў Германіі знайшлі падазроны скрутак, у якім аказалася выбуховае прыстасаванне. Паліцыі прыйшлося праводзіць частковую эвакуацыю будынка. Пацярпелых не было.





