Раніцай 16 сакавіка ў прэзідэнцкую адміністрацыю аднеслі рэзалюцыю, прынятую на «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка ў Мінску. Перадаваць рэзалюцыю прыйшлі прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі і прадстаўнікі АГП Ганна Красуліна і Мікалай Казлоў. Галоўнае ў рэзалюцыі - патрабаванне адмены Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага утрыманства».

Таксама выказаны пратэст супраць масавых затрыманняў падчас дазволенай акцыі.

«Людзі бачаць, што творыць улада і, зразумела, яны толькі яшчэ больш радыкальна будуць выказваць сваё незадаволенне. Чым мы можам адказаць? Толькі яшчэ больш масавымі акцыямі пратэсту ў мірным рэчышчы, без усякіх правакацый», - заявіў Дзяніс Садоўскі.

Па словах Ганны Красулінай, любыя правакацыі арганізатары акцый пратэсту «будуць разглядаць як дзеянні, скіраваныя на знішчэнне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь». І дадала, што пакуль удзельнікі акцый, скіраваных супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3, ставяць уладам краіны выключна эканамічныя патрабаванні. Але калі яны не будуць выкананыя, то прыйдзе чарга патрабаванняў палітычных: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, ураду і роспуск абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

Былы супрацоўнік праваахоўных органаў Мікалай Казлоў звярнуўся персанальна да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча з патрабаваннем вярнуць дзеянні сваіх супрацоўнікаў у «законнае рэчышча». Па яго словах, гвалтоўныя затрыманні ўдзельнікаў дазволенай акцыі невядомымі людзьмі ў цывільным з прымяненнем грубай сілы і нават збіцця не маюць нічога агульнага з тым, як павінна дзейнічаць міліцыя. Казлоў папярэдзіў міністра аб персанальнай адказнасці да такія паводзіны супрацоўнікаў органаў правапарадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?