На парламенцкіх выбарах у Нідэрландах лідзіруе праваліберальная Народная партыя за свабоду і дэмакратыю, якую ўзначальвае прэм'ер-міністр краіны Марк Рутэ. Пасля апрацоўкі больш чым 90 працэнтаў бюлетэняў яе вынік складае 21,2% галасоў, паведамляе агенцтва dpa.

Такі вынік дазволіць партыі Рутэ атрымаць у парламенце краіны 33 дэпутацкія месцы. Правапапулісцкая Партыя свабоды на чале з Гертам Вілдэрсам набірае ўсяго 13,1% галасоў, што дазваляе ёй атрымаць 20 дэпутацкіх мандатаў з 150.

Менавіта на перамогу Вілдэрса рабіла стаўку Масква. Гэта нідэрландскі аналаг французскага Нацыянальнага фронту і нямецкай «Альтэрнатывы для Германіі».

Па 19 месцаў у парламенце могуць заняць прадстаўнікі леваліберальнай партыі «Дэмакраты-66» і «Хрысціянска-дэмакратычнага прызыву», піша Dw.de

Для фарміравання кіруючай кааліцыі Рутэ неабходна заручыцца падтрымкай 76 дэпутатаў. Напярэдадні галасавання ён падкрэсліў, што імавернасці саюза яго партыі з Вілдэрсам раўняецца нулю.

Перамогу Рутэ прывіталі ў Германіі і Францыі. «Нідэрланды! Нідэрланды! Вы — чэмпіёны! … Віншую з цудоўным вынікам выбараў», — напісаў у Твітары кіраўнік апарата канцлеркі Германіі Ангелы Меркель Петэр Альтмаер.

«Віншую галандцаў, перашкодзілі ўздыму крайне правых», — напісаў у сваім мікраблогу кіраўнік МЗС Францыі Жан-Жак Эйро.

Герт Вілдэрс (Geert Wilders).

Герт Вілдэрс (Geert Wilders).

Вілдэрс, натхнёны поспехам Дональда Трампа ў ЗША, актыўна выкарыстаў у ходзе кампаніі антыімігранцкія і антыісламскія лозунгі і рэзка нападаў на мараканскую і турэцкую дыяспары Нідэрландаў. Але за гэтай рыторыкай стаяла перадусім жаданне разваліць Еўрасаюз.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?