Рашэнне вельмі важнае для захавання гарадзенскай даўніны, бо за апошнія гады шмат даваенных прамысловых будынкаў у горадзе папросту знішчылі. Наогул жа, кафлярныя майстэрні сталі першым аб'ектам у Гродне, які ўнеслі ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны за апошнія пяць гадоў.

«Для горада зараз каштоўнасць уяўляе ўжо не тое, што там было ўнутры, а сам будынак. Ніякага абсталявання там ужо няма. Яшчэ ў 1970-х гадах, калі фабрыка перастала функцыянаваць, усё было закінута і праз 40 гадоў там нічога няма.

У Гродне засталося вельмі мала будынкаў звязаных з прамысловай гісторыяй горада. Шмат такіх аб'ектаў мы страцілі ў апошнія гады — гарадзенская электрастанцыя, фабрыка алоўкаў, розныя казармы і г.д. Дзякуючы нашым намаганням два аб'екта ўдалося захаваць — фабрыку ігральных карт Лапіных і кафлярныя майстэрні», — кажа гісторык Андрэй Вашкевіч.

Будынкi кафлярнi яшчэ ў нармальным стане, іх можна будзе адрамантаваць і выставіць на аўкцыён, лічыць Вашкевіч. Асноўная частка майстэрняў належыць гарадзенскаму будаўнiчаму трэсту. Частку займае прыватная друкарня.

Таксама было б лагічна ўнесці ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны дамы па вуліцы Каханоўскага, якія спецыяльна будаваліся для працоўных фабрыкi, лічыць гісторык. Гэтыя дамы падобныя да самой кафлярні.

Каб падаць заяўку на ўнясенне, трэба сабраць вялізную колькасць дакументаў, што адымае ў гісторыкаў вельмі шмат часу. Часта гэтая праца не вельмi ўдзячная. Гэтак, з 15 дасланых апошнім часам гарадзенскiх прапаноў па занясенні ў спіс спадчыны, станоўчае рашэнне прынялі толькі па кафлярні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?