«Расправа з аддзяленнямі банкаў у Кіеве прайшла б па-за нашаю ўвагаю, каб не асобы некаторых удзельнікаў зачысткі — беларусаў, — напісаў гістарычны лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч у сваім артыкуле на сайце Mfront.net. — Кожная нацыя ў розныя перыяды сваёй гісторыі станавілася перад неабходнасцю брацца ці за камяні, ці за аўтаматы. Аднак ці гэта першасна, каб прыйшло доўгачаканае збаўленне, каб адбыліся перамены, дзеля якіх многія дзясяцігоддзямі ахвяруюцца?

Любыя перамены і любое адраджэнне трэба пачынаць з сябе. І таму было б лагічней, каб Парфянкоў з Лобавым перайшлі на беларускую ці нават украінскую мову – і такім чынам пачалі б адраджэнне нацыі кожны ў сваёй галаве.

Аж не, такога не назіраецца, бо вывучыць родную мову — гэта цяжкая і карпатлівая праца, пасродкам якой ты штодня і па кроплі выціскаеш з сябе савецкага чалавека. Прасцей узяць камяні і змагацца з савецкімі чалавекамі, павыбіваўшы ім еўрапейскія шыбы?» — пытаецца Дашкевіч.

У інтэрнэце з'явілася відэа, на якім зафіксавана, як беларус Васіль Парфянкоў удзельнічае ў разгроме аддзялення «Альфа-банка» ў Кіеве.

Парфянкоў пераехаў ва Украіну і ўступіў там у Добраахвотніцкі корпус АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»). Нядаўна ён атрымаў дазвол на жыхарства ва Украіне.

Групоўка АУН публічна абвясціла ў Кіеве «акцыю па знішчэнні расійскага бізнэсу».

На мінулых выхадных байцы атрада «пабілі» офіс Рыната Ахметава, разграмілі офіс расійскага «Альфа-банка» і пабілі вітрыны ў офісе «Сбербанка России».

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў напады на офісы правакацыяй.

Расійскія СМІ зрабілі гэтыя здарэнні галоўнай тэмай сваіх выпускаў на гэтых выхадных.

Васіль Парфянкоў — першы, каго затрымалі ў сувязі з пагромамі.

Яго абвінавачваюць па артыкуле 296 ч.2 крымінальнага кодэксу Украіны «Хуліганства». Паводле гэтага артыкулу, Парфянкову можа пагражаць да чатырох гадоў зняволення.

Больш за год Парфянкоў знаходзіцца ва Украіне, дзе прымаў удзел у баявых дзеяннях. Быў паранены ў нагу, доўгі час лячыўся. Меў пазыўны «Сябра».

У Беларусі Парфянкоў арыштоўваўся за ўдзел у падзеях на Плошчы ў 2010-м. Пазней яго таксама накіроўвалі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

У інтэрнэце распаўсюджваецца іншы кадр з разгрому. На ім, імаверна, зафіксаваны іншы беларус, што паехаў ваяваць ва Украіну — Эдуард Лобаў.

Ён пакуль не адказаў на запыт «Нашай Нівы» пра каментар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?