Цэнтрвыбаркам Беларусі гатовы рэалізаваць асобныя рэкамендацыі, што ўтрымліваюцца ў фінальнай справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, зробленай паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пасля сустрэчы кіраўніцтва камісіі з дырэктарам БДІПЧ Міхаэлем Георгам Лінкам 28 студзеня ў Мінску.

Сустрэча доўжылася крыху больш за гадзіну.

Лінк, паводле слоў Лазавіка, выказаў падзяку за добрае супрацоўніцтва падчас прэзідэнцкай кампаніі. «Ён ахарактарызаваў выніковую справаздачу ў якасці дакумента, які не ўтрымлівае сюрпрызаў. Па сутнасці, там утрымліваюцца тыя ж моманты, што і ў папярэдняй справаздачы, толькі яны больш канкрэтызаваныя і дэталізаваныя», — паведаміў сакратар ЦВК.

Пры гэтым Лінк прапанаваў для канкрэтнай рэалізацыі рэкамендацый правесці сустрэчы экспертаў з боку ЦВК і БДІПЧ. Гэтыя сустрэчы, на яго думку, могуць праходзіць як у Мінску, так і ў Варшаве. «Мы пагадзіліся з гэтай прапановай, лічым, што канкрэтнае супрацоўніцтва, калі чутны голас абодвух бакоў, будзе карысным», — адзначыў Лазавік.

Паводле яго слоў, старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына падзяліла прапановы, якія ўтрымліваюцца ў выніковай справаздачы БДІПЧ, на тры катэгорыі. Прапановы з першай катэгорыя патрабуюць змены Канстытуцыі і тычацца пашырэння выбарчых правоў грамадзян, змены умоў вылучэння кандыдата ў прэзідэнты. «Рэалізацыя гэтых рэкамендацый патрабуе правядзення рэферэндуму, гэта складаная працэдура», — падкрэсліў сакратар камісіі.

Другая катэгорыя ўтрымлівае рэкамендацыі што да ўнясення паправак у законы і Выбарчы кодэкс. «Тут ёсць і рацыянальныя прапановы, але тэрміны не дазваляюць да парламенцкіх выбараў іх узважана разгледзець і рэалізаваць», — сказаў Лазавік.

Трэцяя група рэкамендацый тычыцца ўдасканалення правапрымяняльнай практыкі. «У гэтым напрамку мы гатовы супрацоўнічаць, зрабіўшы максімальна магчымае да парламенцкіх выбараў. Гэта павышэнне празрыстасці асобных этапаў выбарчай кампаніі, пашырэнне правоў міжнародных назіральнікаў у плане атрымання інфармацыі, павышэнне празрыстасці разгляду скаргаў. Гэтыя пытанні можна сапраўды вырашыць з дапамогай пастаноў Цэнтральнай камісіі», — паведаміў Лазавік.

На заканчэнне сустрэчы, адзначыў ён, Лінк заявіў, што, на яго думку, у супрацоўніцтва ЦВК і БДІПЧ «добрая будучыня».

Лінк прыбыў у Беларусь 28 студзеня з двухдзённым візітам. У дзень прыбыцця БДІПЧ апублікавала фінальны даклад паводле вынікаў назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, якія прайшлі ў Беларусі 11 кастрычніка 2015 года. У ім даецца ацэнка мінулай кампаніі, гаворыцца пра неабходнасць палітычнай волі ўладаў для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформ, а таксама даюцца рэкамендацыі для прывядзення беларускага выбарчага заканадаўства ў адпаведнасць з абавязацельствамі ў межах АБСЕ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?