Медыцынскія цэнтры, якія з 1 лютага атрымалі права выдаваць лісткі часовай непрацаздольнасці, пакуль не гатовыя гэтага рабіць. Хоць пастанова Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы і сацабароны, якая ўхваляе гэта, сапраўды уступае ў сілу з настунага панядзелка.

«Будзем выдаваць бальнічныя ў лютым. Дату не скажу»

Каб выдаваць бальнічныя, медцэнтры павінны стварыць у сябе доктарска-кансультацыйныя камісіі (ДКК) мінімум з трох чалавек на чале са старшынёй, якія маюць адпаведную адукацыю па экспертызе. Гэта значыць, для працы з бальнічнымі супрацоўнікі медцэнтраў павінны будуць прайсці адпаведнае навучанне. Як паведамілі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, менавіта з 1 лютага ў іх прыступае да заняткаў толькі першая група супрацоўнікаў медыцынскіх цэнтраў. Заканчваюцца заняткі 12 лютага.

Пра колькасць медыцынскіх цэнтраў, якія даслалі сваіх супрацоўнікаў на навучанне, нам не сказалі. Самі медцэнтры таксама не асабліва ахвотна размаўляюць на гэтую тэму.

— Будзем выдаваць бальнічныя ў лютым. Дату не скажу, — паведамілі ў адным буйным медцэнтры.

У іншым лаканічна адказалі: «З 1-га лютага не будзем». Яшчэ ў двух сказалі, што ніякіх распараджэнняў ад кіраўніцтва наконт бальнічных не паступала.

Інфармацыяй, якая ў нейкай ступені адлюстроўвае сітуацыю ў цэлым, падзяліўся толькі медыцынскі цэнтр «ЛАДЭ».

«Для выдачы бальнічных лістоў нам усім патрэбная агульная база медыцынскіх дадзеных»

— У цяперашні час у медыцынскім цэнтры «ЛАДЭ» вядзецца папярэдняя праца, — распавёў Уладзімір Гарбачоў, заснавальнік гэтага медыцынскага цэнтра. — Зараз у нас пераходны перыяд. Рыхтуем дакументы. Падалі заяўкі ў БелМАПА на навучанне 7 чалавек, яшчэ 5-6 чалавек плануем навучыць другім этапам, шукаем намесніка галоўнага ўрача па экспертызе. Як толькі ў нас будзе ўсё гатова да выдачы бальнічных лістоў — адразу пачнем выдаваць.

Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, «ЛАДЭ» гатовы выдаваць бальнічныя у першую чаргу тым людзям, якія абслугоўваюцца ў цэнтры шмат гадоў запар, з якімі заключаны дамовы («асабісты тэрапеўт», «асабісты педыятр», вядзенне цяжарнасці), бо дактары добра ведаюць гісторыю хваробы гэтых пацыентаў, а таксама людзям, якія прыходзяць у цэнтр «ЛАДЭ» на аперацыю (тут аперуюць гінеколагі, флеболагі, практолагі, отарыналарынголагі, пластычныя хірургі, стаматолагі-хірургі).

— Што тычыцца іншых момантаў, то мы яшчэ два гады таму заяўлялі, што для выдачы бальнічных лістоў нам усім — і прыватным цэнтрам, і дзяржаўным установам аховы здароўя — патрэбная агульная база медыцынскіх дадзеных, — кажа Уладзімір Гарбачоў. — Каб доктар, упершыню бачачы пацыента, мог паглядзець яго гісторыю хваробы, з чым раней звяртаўся, якія прызначэнні яму рабіліся. Акрамя таго, неабходная адзіная база бальнічных лістоў, каб дактары бачылі, калі, кім і на якія тэрміны раней былі выдадзены лісткі часовай непрацаздольнасці. Без адзіных базаў медыцынскай дакументацыі і бальнічных лістоў працэс выдачы лістоў часовай непрацаздольнасці становіцца непразрыстым і цяжка кантраляваным.

Нельга скінуць з рахункаў і высокую верагоднасць канфліктных сітуацый.

Не выключана што хто-небудзь з пацыентаў будзе спрабаваць атрымаць бальнічны без дастатковых на тое падстаў, у адваротным выпадку пагражаючы скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі і патрабуючы вярнуць грошы. Бо яго мэта — атрыманне бальнічнага — не дасягнутая, нягледзячы на тое, што доктар удзяліў яму 30 хвілін часу на прыём.

Калі пацыент звернецца ў платны цэнтр, і бальнічны яму не выдадуць, а ў паліклініцы выдадуць (ці наадварот) — зноў магчымыя канфлікты і скаргі.

Ёсць маса іншых нюансаў. Але несправядліва пазбаўляць большасць добрапрыстойных пацыентаў патрэбнай паслугі толькі з-за таго, што хтосьці захоча скарыстацца гэтым незаконна. Менавіта таму мы разглядаем усе магчымыя праблемы, звязаныя з дадзеным пытаннем.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?