З 1 сакавіка гарадзенец Сяргей Мароз адправіцца пешшу ў чатырохгадовае падарожжа на Усход. Былы спартовец, які ў свой час адслужыў у вайсковым спецназе, мае намер прайсці гэты шлях, каб пакінуць свой след у гісторыі, а таксама быць годным прыкладам для свайго сына.

Сяргей у Мінску (9 мая 2015 года)

Сяргей у Мінску (9 мая 2015 года)

Сяргей з дзяцінства марыў застацца ў гісторыі і кожны дзень думаў пра тое, што б такога добрага зрабіць, каб пра яго памяталі заўсёды. Зараз ён выбраў сабе шлях праз шэсць краін: Беларусь, Расію, Манголію, Казахстан, Узбекістан і Кіргізію. Ён кажа, што яшчэ ніхто не праходзіў такі шлях пешшу.

«Вырашыўся на падарожжа, бо хачу рэалізаваць сябе ў жыцці. Вельмі хачу пакінуць пасля сябе пазітыўны і, спадзяюся, карысны для грамадства след. Маё падарожжа пачнецца з Полацка. Менавіта адтуль я пайду ў кірунку Мурманска».

Па дарозе Сяргей плануе ўбачыць гістарычныя славутасці, прыгожыя віды і пейзажы, нацыянальныя паркі, наведаць экалагічна чыстыя мясціны, спазнаць культуру народаў і па выніках паходу змантаваць фільм.

«Вельмі хачу патрапіць у самую крайнюю кропку Расіі, на паўвостраў Камчатка. Калі будзе магчымасць, паспрабую прайсці пешшу — туды ісці прыкладна 15 000 кіламетраў, гэта палова ўсяго шляху».

У зваротны шлях Сяргей выправіцца праз Якуцк, Алдан, у бок Манголіі. Калі не атрымаецца прайсці праз гэтую краіну, то шлях пройдзе праз Іркуцк, Краснаярск, Новасібірск, Барнаул у бок Казахстана.

«Абавязкова хачу патрапіць у горад-герой Грозны і пазнаёміцца з Рамзанам Кадыровым. Мне ён вельмі падабаецца як кіраўнік. Я б з задавальненнем сустрэўся і з Аляксандрам Лукашэнкам, і з Уладзімірам Пуціным, і Дзмітрыем Мядзведзевым, але разумею, што яны вельмі занятыя. Спадзяюся, калі ажыццяўлю падарожжа, мне ўдасца з імі сустрэцца».

Выправіцца ў шлях Сяргей плануе 1 сакавіка 2016 года і цяпер актыўна шукае спонсара для экіпіроўкі — яму трэба 4500 долараў.

«Калі нават не атрымаецца назбіраць такую суму, то ўсё роўна пайду ў дарогу. Я ведаю і адчуваю, што нягледзячы ні на што, мне ўдасца ажыццявіць маю мару».

Свой маршрут гарадзенец плануе скончыць праз чатыры гады

Свой маршрут гарадзенец плануе скончыць праз чатыры гады

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?