Здараецца, выпадае шчаслівая хвілінка, а то і пара дзён шчаслівага забыцця. Займаешся сваімі справамі, ходзіш туды-сюды і не памятаеш, што ёсць амапаўцы, ёсць кіраўнікі амапаўцаў і кіраўнік кіраўнікоў. У вачах тваіх тады спакой, любоў да існага і ліцвінская бездань. Ходзіш, ходзіш, а пасля — херак… Зірнеш, як збівалі хлопцаў на працэсе графіцістаў, і ўсё. Няма ліцвінскай бездані. Знікла.

Па судовай справе — што гаварыць. Усё ясна. Дзяржавушка нагадвае такую, як бы гэта сказаць, жабу, якая злізвае сваім ружовым языком то аднаго выпадковага камарыка, то другога і перыядычна падстаўляе цельца нягрэбліваму Івану, які зацалоўвае яго з нулявым эфектам.

Але на відэа было больш. На відэа збіцця я пачуў знаёмыя «стаяць! стаяць, б…!» і адразу узгадаў тыя ж самыя «стаяць, б…» на Калектарнай у 2010. Узгадаў, і як падчас суда над Някляевым, Рымашэўскім, Дзмітрыевым і Палажанкай сярод натоўпаў бяскрыўдных інтэлігенцікаў у судзе Фрунзенскага раёна тусаваліся вось такія ж самыя чувачкі, якія «стаяць, б…», і як яны раўлі праз лесвічны пралёт адзін аднаму нешта тыпу:

— Коля, б…, ты бабло, с…, вісіш, б…! Аддаваць нада. Гы-гы-гы.

— Данунах…. гыгыгы.

Ах, якія яны былі: швэдрыкі, штонікі, «модныя» туфелькі з вострымі носікамі. Рацыі. Пісталецікі. І пасярод такой прыгажосці: «Коля, б…!»

Яны — трэба разумець — парадак ахоўвалі. Напрыклад, ад Бураўкіна. Каб Бураўкін нікому там люлей не навешаў. Ну і паралельна вырашалі ўласныя фінансавыя пытанні. Наша міліцыя. Са светленькімі валосікамі. Крэпенькімі шыйкамі. Бліскучымі алейнымі вочкамі. Наетыя, напітыя. Чысценькія. Акуратненькія. Адмыслова выгадаваныя.

І вось я зараз думаю: ці трэба іхняму Урфіну Джусу, каб яны раўлі «стаяць, б…» і білі журналіста? Не, не трэба. Урфін пастарэў — і задор не той, і, зноў жа, фрау Меркель… Ах, як ад яе патыхала горнымі курортамі Альпаў…

Але спецыяльна выведзеныя, адборныя, са светлымі каротка падстрыжанымі валосікамі і бліскучымі вочкамі — як ім пра гэта расказаць? І хто ім раскажа? І ці павераць яны, што нікому іх «стаяць б…» не патрэбна? Ці, прынамсі, патрэбна не заўсёды? І на якой мове ім пра гэта расказаць, каб яны зразумелі?

Чытаў я такую штуку: аднойчы праз шмат гадоў пасля закрыцця ГУЛАГа ў адзін з лагераў прыехалі студэнты. Нешта там «паднімаць». Чарговае. Высадзіліся яны ў пункце збору, і раптам іх атачыла зграя дзікіх сабак. Зграя дзейнічала надзіва арганізавана. Сабакі не імкнулася гэтых студэнтаў з’есці. Яны іх прымусілі шыхтавацца ў шарэнгу. А калі адзін студэнт паспрабаваў збегчы — яго разарвалі ўшчэнт. Сабакі, вырашчаныя для нясення службы ў ГУЛАГу ведалі, што ўсе людзі — вязні. Так што — вось.

Карацей, так будаўнікі камунізму і стаялі, пакуль іх не выратавалі ад жывёлаў, якія былі навучаны аднаму — ненавідзець людзей, але берагчы іх працоўную сілу.

Сабак, вядома, кокнулі, хоць яны і рабілі роўна тое, чаму іх вучылі. Але тут штука вось у чым. Сухарукі «паэт» на той час даўно карміў чарвей і сабачыя навыкі не былі запатрабаваны. Так што, калі б у тых сабакаў засталіся шчанюкі, шчанюкі маглі б паспрабаваць засвоіць яшчэ адну нялішнюю ісціну: калі ты сабака, ты можаш кусаць і загрызаць, спадзеючыся на пахвалу, але ўсё ж мусіш ведаць, што злобную жывёлу гадуюць не для таго, каб любіць. Таму злобную жывёлу не забіраюць пры пераездзе, злобную жывёлу не бяруць у новы дом. Злобная жывёла сядзіць на ланцугу, абазначаная шыльдай, брэша, вые і некалі замярзае ў будцы. Галодная, злая, у бясконцай любові да гаспадара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?