Аўтавытворца Ford абвясціў пра адкліканне амаль 491 тысячы пікапаў мадэлі Ranger праз небяспечны дэфект падушак бяспекі, адзін з якіх ужо прывёў да гібелі кіроўцы.

Як паведамляецца, адкліканне закране машыны, прададзеныя ў ЗША і Канадзе ў перыяд з 2004 па 2006 год.

У пікапах, якія адпраўляюцца на дапрацоўку, выкарыстоўваліся падушкі бяспекі маркі Takata. Як высветлілася, пры раскрыцці падушкі няспраўныя пірапатроны могуць разрывацца на часткі, выкідваючы металічныя аскепкі. Падушкі гэтай японскай фірмы выкарыстоўваюцца ў аўтамабілях многіх вытворцаў.

Некалькі дзён таму выбух падушкі Takata упершыню прывёў да смерці: кіроўца з Паўднёвай Караліны урэзаўся ў карову і загінуў, калі кавалак металу ад пірапатрона трапіў яму ў шыю.

Пра адкліканне аўтамабіляў з падушкамі Takata раней паведамлялі Honda, Toyota Motor, Nissan, Mazda, General Motors. У аўторак, практычна адначасова з Ford, пра адклiканне абвясціў нямецкі аўтаканцэрн BMW.

Як паведаміў у панядзелак прадстаўнік Нацыянальнай адміністрацыі бяспекі дарожнага руху ЗША, у адпаведнасці з рашэннем рэгулятара ў краіне будзе адклікана яшчэ пяць мільёнаў аўтамабіляў розных вытворцаў.

У дачыненні да Takata ў ЗША вядзецца расследаванне, на кампанію былі накладзеныя штрафы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?