Праўленне ГА «БАЖ» 26 студзеня прыняло заяву з нагоды збіцця карэспандэнта TUT.by Паўла Дабравольскага. Тэкст заявы з патрабаваннем высветліць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, што збівалі журналіста, накіруюць у Следчы камітэт.

Заява ГА «БАЖ» з нагоды збіцця журналіста Паўла Дабравольскага

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» абурана збіццём сябра нашай арганізацыі, журналіста Паўла Дабравольскага ў будынку суда падчас выканання рэпарцёрам прафесійных абавязкаў. Такія дзікунскія дзеянні дыскрэдытуюць беларускія ўлады. Патрабуем правесці праверку па факце збіцця журналіста і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна г. Мінска супрацоўнікі міліцыі і сілавых структур жорстка збілі выдаленых з залы суда грамадскіх актывістаў і журналіста партала TUT.by Паўла Дабравольскага, які фіксаваў інцыдэнт на відэа.

Дзеянні прадстаўнікоў сілавых структур з’яўляюцца грубым парушэннем правоў журналіста і падпадаюць пад дзеянне арт. 198 Крымінальнага кодэкса РБ («Стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»).

Збіццё журналіста службовымі асобамі ў публічным месцы, якое сімвалізуе аблічча беларускага закона, – скандальнае і абуральнае. Абсурдным з’яўляецца і той факт, што ў той жа самы дзень у тым жа самым будынку суда Павел быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам.

Скандальны выпадак дыскрэдытуе намаганні беларускай дзяржавы, якая афіцыйна падтрымлівае міжнародныя пагадненні па абароне свабоды слова і правоў чалавека.

ГА «БАЖ» патрабуе высветліць асобаў, якія збівалі журналіста, і распачаць у дачыненні да іх крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?