Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак вызначыў задачай на 2016 год для авіяцыйнай галіны зніжэнне сабекошту паслуг, паведамілі ў прэс-службе міністэрства.

«Галоўная задача для авіяцыйнай падгаліны на 2016 год — зніжэнне сабекошту. Нягледзячы на тое, што вынікі арганізацый грамадзянскай авіяцыі маюць дадатную дынаміку, а менавіта — растуць паказчыкі па грузаабароце і пасажыраабароце, расце інвестыцыйная дзейнасць, трэба ўлічваць, што гэта адбываецца на фоне сур'ёзнай падтрымкі дзяржавы», — працытавалі ў прэс-службе кіраўніка ведамства.

Анатоль Сівак здавальняюча ацаніў работу арганізацый грамадзянскай авіяцыі ў 2015 годзе і абазначыў пытанні, што патрабуюць больш пільнай увагі. У прыватнасці, міністр паставіў задачу прадоўжыць работу на працягу 2016 года па ўдасканаленні нарматыўнай базы і кантрольнай дзейнасці. На яго думку, на новы ўзровень неабходна вывесці працэдуры па сертыфікацыі — яны павінны адпавядаць лепшым міжнародным практыкам.

Паводле слоў прадстаўнікоў дэпартамента па авіяцыі, асноўнымі задачамі на 2016 год застануцца забеспячэнне бяспекі палётаў, нарошчванне экспарту паслуг, прыцягненне інвестыцый у развіццё транспартнага комплексу. Асаблівая ўвага будзе нададзеная забеспячэнню эфектыўнай фінансавай дзейнасці авіяпрадпрыемстваў і эканоміі ўсіх відаў рэсурсаў.

У лік прыярытэтных праектаў бягучага года ўваходзіць закупка трох паветраных суднаў Boeing 737/800 для парку ААТ «Авіякампанія «Белавія». Для павышэння транзітнай прывабнасці Нацыянальнага аэрапорта Мінск прапануецца ўкараненне інфармацыйных тэхналогій па электронным дакументаабароце ў авіяцыйных грузавых перавозках.

Таксама ў бягучым годзе плануецца завяршыць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і выконваць падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве ў Нацыянальным аэрапорце Мінск другой узлётна-пасадачнай паласы, якая зможа прымаць самалёты А380.

Плануецца прадоўжыць рэалізацыю праекта па будаўніцтве авіярамонтнага завода на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск згодна з планамі фінансавання.

«Рэалізацыя намечаных напрамкаў дасць магчымасць задаволіць патрэбнасці эканомікі і насельніцтва ў авіяцыйных паслугах, захаваць канкурэнтаздольнасць грамадзянскай авіяцыі на міжнародным рынку транспартных паслуг, дадатную дынаміку выканання мэтавых паказчыкў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і дасягнуць іх на прагназуемым узроўні», — упэўнены ў дэпартаменце па авіяцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?