Натхніўшыся кнігай Уладзіміра Арлова, мінскі дызайнер разам з сябрамі і паплечнікамі стварыў інтэрактыўную мапу Беларусі.

Як ён сам кажа, «каб нагадаць пра доўгую і насычаную гісторыю Беларусі». Мапа стане добрым дапаможнікам тым, хто рыхтуецца да іспытаў па гісторыі Беларусі.

У храналагічным парадку пададзеныя факты, даты, імёны і падзеі — ад Вялікага Княства Літоўскага да стварэння так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Аўтар праекта, дызайнер Аляксей Чаранкевіч кажа, што гэта аматарскі праект — створаны людзьмі, якія цікавяцца гісторыяй.

«Па-першае, гэта інфармацыйны праект. Па-другое, гэта дызайнерская задача па візуалізацыі дадзеных. Мне гэты праект быў цікавы з двух бакоў: асабістае пагружэнне ў гісторыю і вырашэнне складанай задачы, якую трэба доўга вырашаць, каб атрымаўся прыгожы наглядны вынік. Мэта праекту будзе дасягнутая, калі нейкая колькасць людзей зацікавіцца гісторыяй альбо зменіць сваё меркаванне пра гісторыю Беларусі. Гэта ўжо будзе вынік і дасягненне», — кажа Аляксей Чаранкевіч.

У фэйсбуку ўжо з'явіліся прапановы, што можна дадаць да мапы, каб удасканаліць яе. Але аўтар праекта кажа, што мапа цалкам завершаная і не патрабуе дапрацоўкі:

«Усе асноўныя падзеі, як культурныя, так і палітычныя, абазначаныя. Таму далей мапу развіваць няма куды, цяпер лепш сканцэнтравацца на чым-небудзь іншым».

На сайце праекту напісана, што мэта стваральнікаў — расказаць пра гісторыю Беларусі, не займаючы палітычных пазіцый і не звяртаючыся да правакацыйных фактаў.

У якасці крыніцы для стварэньня мапы выкарыстаная кніга Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь». Мапа даступная на трох мовах — беларускай, англійскай і расійскай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?